Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Страница 42
— А можа, так, што прасвятленне?…
— Наўрад ці, — сказаў Змагіцель. — Што могуць даць бязладныя лапатанні накшталт: «І вы… Заб'еце мяне… Забойцы… Запавет іхні там». Калі і ёсць недзе там запавет Альшанскага ды княскія граматы ды сцверджанні годнасці магнацкай — каму яны зараз патрэбны? Апошні, апошні Альшанскі воляю божай «Умре».
Так, вясёлага было мала. Мы сядзелі ўжо амаль у цемры, і такая ж цемра была ў нашых мазгах. Я ўспомніў пра сваё абяцанне Хілінскаму і першы парушыў маўчанне:
— Хлопцы, а што яно такое — Боўбель? Гэта я для аднаго там чалавека. Ён і сам трохі ведае, але яму цікава, што ведаюць, як глядзяць на гэта тут, на месцы.
— Кгм, — Змагіцель кінуў у рот трускалку. — Гэта, браце, славуты бандыт. Тэрарызаваў з бандаю ўсё наваколле ў 1945-1947 гг. Два іх тут такія былі. Ён ды Кулеш. У акупацыю «партызанілі». А папраўдзе іхняя партызанка ў асноўным была — харчамі разжыцца ды каня ці кажух у мужыка ўзяць. Ну, хлусіць не буду, нападалі часам і на немцаў. Пасты здымуць, камендатуру падпаляць, мост спалілі аднойчы, два эшалоны пад адхон ракам паставілі. Яшчэ пакуль такое — цярпелі. Але перад вызваленнем бывалі ў іх ужо сутычкі і з намі. Амаль як анархісты ў грамадзянскую: «Бі справа — белага, злева — краснага».
— Так, — сказаў Шаблыка, — аж па сорак восьмы пекла было ў нас. Праз іх. Вяртаюся аднойчы са сходу ўначы — аж нехта цыгарку курыць за нядальнім хмызам. Ясна, перастраюць. Засада. Ну я «вальтэр» з кішэні, крадуся, думаю: «Гэта яшчэ хто каго». Падышоў бліжэй — цьху ты, маць тваю не займаць… Светлякі! Звычайны святляк!
Пасмяяліся. І зноў Шаблыка:
— А бывалі і сапраўды засады. Дужа палявалі. За ўсімі, а за мною чамусьці асабліва.
— Можа, баяліся.
— Сам думаю. Магчыма, у бандзе быў нехта з калабарацыяністаў. А я мог яго выпадкова ведаць, бо пэўны ж час «немцам служыў». Мог апазнаць. Цалкам магчыма, што па гэтай прычыне і палявалі… Ну не ўпалявалі, і добра. А пасля міліцыя ды ястрабкі ды звычайныя людзі, якім ён горш за гнілую рэдзьку агоркнуў, пачалі яго ганяць, прыціснулі да балота — і гамон. Боўбель сам, здаецца, забіты.
— Чаму «здаецца»?
— Ніхто з нашых яго ў твар не ведаў, а «ягоныя» ўсе паляглі.
— Так ніхто і не ведаў?
— У цемры — толькі нехта Шчука. Здаецца, у чынах цяпер. У Менску жыве. А з тых, што бачылі пры няпэўным святле і ўсё ж жывыя выйшлі, — бадай што, ці не адзін Ганчаронак.
— Ганчаронак?
— Ну так. Боўбель паслаў з ім «праважатым у апошнюю дарогу» хлопца, ды, відаць, малавопытнага. А ў Тодара ў кішэні махра была… Другая памылка, рук яму не звязалі… То ён у балоце пасля два дні сядзеў, аж пакуль ноччу ў Альшаны не прыйшоў і ў жонкі не даведаўся, што Боўбеля напярэдадні разбілі ўшчэнт.
— Ніколі б не падумаў, што гэткая мужнасць, — пакруціў я галавой. — Гэты п'янюга, вечна ад яго гарай нясе.
— Ён, кажуць, і піць пачаў з таго часу. А ўвогуле, мужны не мужны, а гадзёнак ён, гэты Тодар Ігнатавіч, — сказаў Шаблыка.
Я зразумеў, што ён не можа дараваць бухгалтару, які справакаваў Альшанскага зрабіць замах на замак.
Я ўстаў.
— Давай праводзім яго, — сказаў Змагіцель Шаблыку. — А то столькі страшнага нагаварылі, што дзіця наша, перш чым бай-бай у люлю, яшчэ дарогаю недзе ўграшыцца.
Мы пасмяяліся і трох рушылі з двара. Месяц, які толькі-толькі пачаў скідацца на ветах, заліваў няпэўным святлом пыл вуліцы, утаптаныя пешаходамі «тратуары», цёмныя садкі. Ішлося і дыхалася лёгка.
— Н-на, — сказаў урэшце я, — зямелька ў вас з фокусамі, страшнаватая. І на кожным кроку фардыбачыць, як неаб'езджаная кабыла.
— А гэта таму, — сказаў Шаблыка, — што мы на сабе ездзіць нікому не дазвалялі.
— Наадварот, самі намагаліся, каб камусьці на спіцу ўзлезці, — усміхнуўся «каўбой». — Толькі не заўсёды гэта ўдавалася. Звёў мяне аднойчы лёс, адразу пасля вайны, у Летуве з адным такім звышпатрыётам. Я сам Беларусі на мазоль наступіць нікому не даў бы, але тут аж нават мяне крыху нудзіць пачало. «Наш Вітаўт мячом у вароты Масквы стукаў» (як быццам я масквіч). Ну я яму спакойна: «Стукаў, ды не дастукаўся». Бо і праўда ж, не адчынілі. Дый увогуле, малапачцівы гэты занятак: у чужыя дзверы стукаць. У нас дык гэта толькі аднойчы такі выпадак быў з удавой ды п'яным Высоцкім…
— Во! — схамянуўся я. — Пра ўдаву пасля. Але вы ж тут увесь час. Можа. ведаеце, за што расстраляны немцамі ў Кладна Ўладак Высоцкі, траюраднік нашага вознага.
— Дужа цёмная, — сказаў Рыгор Шаблыка, — конча заблытаная справа. Ніхто не ведае. Я ўжо і сам шукаў для школьнага музея. Можа, новы нейкі герой невядомы? Не, цемра, і ўсё. Архіў немцы, відаць, спалілі ці схавалі. Можа, нейкія рэшткі-адпіскі ў сталічным засталіся, то пашукаць…
— А што гэта за гісторыя з выкананнем палякамі смяротнага прысуду над Крыштофам Высоцкім. У 1939-м?
— А тая гісторыя таксама невядомая. Кажуць, забіў правакатара. Але тады да гэтага мала каму справа была. Вайной нацягвала. Можа, таксама ў Менску пашукаць? Ці ў Вільні. Бо ў Кладна судовыя архівы дымам пайшлі… Вой!… А слухай, што мне ў галаву запала. Трэба-такі разблытаць гэтую справу. Людзей сустрэць, сведкаў, калі архівы згарэлі. Мо дапамогуць даведацца і аб нашай альшанскай галаваломцы.
— Чаму?
— А ты ведаеш, каму было даручана выканаць прысуд над Крыштофам і яшчэ дзесяццю?… Оберштурмфюрэру Штофхену з падначаленым шарфюрэрам Лінцам.
— Ну то што?
— А тое, што гэтыя дзве быдляціны ўдзельнічалі і ў акцыі знішчэння нашых у Альшанцы. Штофхен — адзін з тых, хто кіраваў расстрэлам на грэблі, а Лінц кіраваў аховай аперацыі. Гэх, памяць твая кашэчая.
Я быў цалкам згодзен з ім і вырашыў сёння ж вечарам усё запісаць па гарачых слядах. Мы якраз праходзілі паўз хату Ганчаронка і ўбачылі ў расчыненым акне між двума вазонамі з алёнчынымі слязьмі ягоную пасечаную дробнымі зморшчынкамі храпу.
— Крапіва ў квяціне, — сказаў непапраўны Змагіцель.
— Гэй, сябры, — азваўся бухгалтар, — калі ўжо міма йдзеце, то чаму не заглянуць?
І, сам не ведаючы чаму, я павараціў да ганка. Астатнія, без вялікай ахвоты, нага за нагу пацягнуліся за мной.
Хата была як хата. Вялікі пакой, адначасова «гасціная» і «сталовая», калі прыйдуць госці. Тахта, над якой дыванок з аленямі і замкамі, буфет, стол і крэслы. У адны такія дзверы Ганчаронак нас і павёў. Выявілася — кухня.
Ад іншых кухань яе адрознівала толькі наяўнасць газавай пліты з балонам ды паліца, на якой стаялі рэчы зусім нечаканыя і непрыдатныя ў хатняй гаспадарцы. Так бы мовіць, «паліца ўпрыгожванняў». Быў там стары імбрык-самавар для варкі мёду з травамі, відавочна, даўно нялуджаны, а таму непрыдатны, старадаўнія піўныя куфлі (адзін з ручкай у выглядзе чортавай фігуры), розныя збаночкі, вельмі старыя спарышы, глякі ды гарлачы пад малако.
І зусім ужо дзіўнае. Вельмі-вельмі стары таўкачык ад ступкі. Можа, аптэкарскай. Бо на ім былі не толькі медныя «ляпёшкі» на абодвух канцах, але і пашырэнне ўсярэдзіне (гэта калі размешваеш напаўвадкі адвар з густа засыпаных у кіпецень траў). Таўкачык з поўнай пэўнасцю цягнуў год на трыста з вялікім гакам.
— Старадаўняя якая рэч, — сказаў я.
Ганчаронак тым часам наліў з адной вялікай бутэлькі (іх мноства стаяла ля адной са сценак) у гарлач нейкай вадкасці, а пасля напоўніў ёй шклянкі.
— Прысаджвайцеся. Свой мёд пітны.
Я глынуў і ледзь не задыхнуўся. Мёд варылі, відаць, не толькі з гваздзікай, карыцай, перцам і мушкатнай галкай, але і на амаль чыстым спірце.
— Ну, Тодар Ігнатавіч, — ледзь аддыхаўся Шаблыка. — Калі вы кожны дзень ды такое…
— Што, мачымордам празвалі, — усміхнуўся бухгалтар. — А вы менш верце. Прапалашчу рот для дэзінфекцыі ды глыток зраблю, дык усе ўжо і кажуць: п'е.
«Брэша», — падумаў я.
А Ганчаронак з заўсёднай сваёй з'едлівай лагоднасцю (а чалавек інстынктыўна не верыць у такія спалучэнні) дадаў:
— Гарэлкі не піў, піва не любіў, таму і кар'еры не зрабіў.
— А што, — сказаў Змагіцель, — падобна на праўду. Я аднойчы ў Наваградку зайшоў у рэстаран. Праз колькі там часу і ён заходзіць. Таксама нейкая справа яго прывяла туды. Мяне не заўважыў. Сеў за столік, дае афіцыянтцы заказ, а пасля: «І дзесяць грамаў гарэлкі». У той вочы на лоб палезлі: «Чаму?» А ён: «Ды мне толькі для паху, а дурасці ў мяне і сваёй хопіць».