Зброя - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Страница 21

Даколе, Пан Бог!!!

Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя — лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён.

Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік?

Дакуль!!!

Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча.

— Братка, ты што?

— Чаго табе?

Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што «Милосердная» яму не толькі ўяўлялася.

Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней.

Алесь абвёў вачыма сваіх. Крайні справа, ля падпілаванай бярозы, непарушна стаяў Халімон Кірдун. Трымаў у руках сякеру, прымерваўся да кліна, загнанага ў распіл. Бліжэй, на правую руку ад Алеся, ляжаў са штуцарам у руках Мсціслаў. Павараціў да Алеся твар, засвяціліся сонечныя вочы, падміргнуў. Алесь усміхнуўся, бо гэта магла быць апошняя ўсмешка і таму, хто застаўся, было б балюча.

Загорскі глянуў налева. Драпежна глядзіць на прыцэл штуцара Кандрат. На вуснах злая ўсмешка: зараз дарвецца. А яшчэ далей тры «купленыя». Сноп бледны і спакойны. Міхайла шнырае вачыма па калоне. Шчалканаў спакойненька гуляе пістлетам (у яго іх тры).

Паўзе, паўзе калона слёз. Рыпяць колы. Дзе тут можа быць Андрэй? Хіба пазнаеш? Ды не, можна пазнаць: яны ж спяваюць. Такі голас можна пазнаць і сярод тысячы. Але голасу не чуваць.

Алесь зрабіў знак рукою. Усе паслухмяна апусцілі на нос і рот павязкі.

Дзе ж можа быць Андрэй? Вось калона амаль зраўнялася са Шчалканавым… Не, голасу не чуваць. А «песня літасці» гучыць і гучыць.

І раптам ён убачыў…

…Андрэй ішоў у сярэдзіне другога рада. Ногі, у нажных кайданах, валюхаюць. Ненатуральна рухаюцца клубы. Рукі склаў на грудзях…

Бог ты мой, які бледны твар!

А вочы, як невідушчыя, глядзяць у неба. І шчыльна самкнёны рот. Не спявае.

…Быў поплаў Дняпра, даўно, у дзяцінстве, і голас над поплывам, і разбойнік Война, які тады сказаў:

— Спявай, хлопчык, спявай, пакуль даюць.

Ах, які быў голас! І на каляды, і тады, калі палілі бадняк, і на поплаве, і на вяселлях, і тады, калі гукалі вясну.

Нешта душыла Алеся. Ён махнуў рукою Кірдуну.

У наступны момант вялізная бяроза пачала хіліцца, з рыпеннем ірвучы свае жылы, крэкчучы. Нібы кароткі, на некалькі імгненняў, ураган нарадзіўся ў галлі дрэва — і вось яно ўжо ляжала на шляху, перагарадзіўшы яго, заслаўшы рады катаржных пылам.

Амаль несвядома Алесь бачыў збянтэжаныя, атарапелыя твары. Вочы надзеі… Вочы жаху… Вочы, што не разумелі.

Залп!!!

Ён ірвануў нечакана, страшна, як смерць. З самотнай бярозы па той бок дарогі пасыпалася на калону дробнае галлё.

Ніхто не паспеў яшчэ нічога зразумець пасля падзення дрэва, а горкі дым пораху змяшаўся ўжо з пылам, што яно ўзняло. Усе атарапелі. Праз дым і пыл Алесь цьмяна бачыў твары канвойных, якія не разумелі, што да чаго.

А дробныя пруткі-хлюдзінкі ўсё яшчэ падалі на галовы людзей.

І тады Алесь сказаў голасна і цвёрда, нічога не каментуючы, без ценю сумнення ў тым, што яго могуць не паслухаць. Як сказаў бы Вежа.

— Канвой! Пакласці зброю!

Далейшае адбылося, можа, за нейкую хвіліну, і ніхто, нават сам Алесь, такога не чакаў.

Не чакалі, відаць, і яны, нязвыклыя думаць самі, за многія гады прывучаныя падпарадкоўвацца толькі загаду, толькі чужой, мацнейшай волі. Нават не ёй, а чужому, безапеляцыйнаму голасу.

Парахавы дым яшчэ плыў над калонай. Павольна-павольна. 

Была цішыня.

І раптам першы з канвойных, як на аглядзе войск, зрабіў крок наперад.

…Дзынкнула аб брук руля першай стрэльбы.

Упала побач з калонай даволі вялікая бярозавая галіна.

…Другая стрэльба лягла на зямлю… Трэцяя… Чацвёртая… Пятая…

На тварах уладароў была неўразумелая, падцягнутая тупасць. Цалкам аднолькавая ва ўсіх, у той час як нават стрэльбы клаліся на брук па-рознаму: адны — мякка, другія — бразгочучы.

— Кру-гом! — загадаў Алесь.

Ляснулі абцасы.

— Шагам арш!

Першы крок, здаецца, раздрабіў камяні. Потым размерана — як шчоткай па бычыным пузыры — зашоргалі крокі.

Над катаржнымі вісела гнятучая цішыня. Яны збянтэжана глядзелі на канвойных, якія ішлі, як заведзеныя лялькі.

І толькі Алесь бачыў, што ў гэтых ляльках было нешта чалавечае: прыціснутыя да бакоў локці. Патыліцы былі напружаныя, зады малайцаватыя, галовы па-заліхвацку закінутыя. І толькі локці, няспрытна прыціснутыя да бакоў, былі чалавечыя. І па іх можна было зразумець што тут не толькі падпарадкаванне, але і боязь атрымаць кулю ў спіну.

Боязь гэтая ўсё ўзрастала. І ў напятай цішыні, што аж звінела ў вушах і сэрцы, Загорскі разумеў, што ўся гэтая «божая благадаць» трымаецца на апошняй нітачцы.

Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…

І, аднак, цішыня трымалася. Гэта былі абставіны, цалкам не прадугледжаныя інструкцыямі. Маглі быць уцёкі — і тады трэба было страляць у спіну. Мог быць бунт — і тады трэба было страляць па калоне. Кайданнік мог ударыць канвойнага — і тады яго ставілі пад першы лепшы мур або ў першым гарадку вадзілі праз тысячу шпіцрутэнаў.

Але не магло, і ніколі не было, і не магло быць нападу на этап. Ніхто нічога не разумеў нават цяпер. Напад! У мірны час! І не ў нетрах, а тут, ледзь не на ўскраіне Масквы.

Салдаты зрабілі крок якраз да яе. Аненгофскім гаем, у гарачай смузе выпарэнняў, далёка-далёка, як абманка на дне закуранага таза ў золаташукальніка, гарэлі шматлікія бліскаўкі яе купалоў.

Гэтага не магло быць.

І ўсё ж цішыня звінела на адной нітачцы.

Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…

— Стой! Кладзіся!

Крок наперад… Рукамі ў зямлю… Правыя ногі паўзуць назад… Ляглі…

У дзесяцёх кроках ад катаржнай калоны ляжала на зямлі няроўная літара «П». Алесь разумеў, што паклаў іх занадта блізка, але нельга, немагчыма было цягнуць далей напятую цішыню.

Нельга, немагчыма для нерваў… Кожную хвіліну яна магла сарвацца, і тады…

— Катаржныя, стаяць на месцы!

Загорскі баяўся тлуму. Але тыя і так стаялі, як саламяныя слупы, разумеючы яшчэ менш, чым варта.

Алесь хітнуў галавою ў бок Кірдуна. Кірдун пачаў спускацца па адхоне да стрэльбаў. Вочы канвойных — сінія, цёмныя, бляклыя, тытунёвыя — ад самай зямлі — сачылі за ім. Насцярожаныя, як у зацкаваных звяроў.

Яны глядзелі, як спускаецца да стрэльбаў зусім не ваенная, зусім нястрашная постаць аднаго з тых, што асмеліліся напасці на этап, постаць першага, убачанага імі.

Кірдун спускаўся, адваліўшы цывільны зад, размахваючы рукамі. І грозна трапятала пад яго дабрэчымі вачыма чорная павязка, а ў руцэ быў калун, якім ён зваліў дрэва. І гэта была памылка.

Цішыня абарвалася.

Крайні ў адной з ножак літары «П» не вытрымаў. Здаравенны крываногі унтэр.

Крутануўся на месцы і — ніхто не паспеў апамятацца, як крайняя з кінутых канвойнымі стрэльбаў была ўжо ў ягоных руках. Сашчэрыліся зубы, нібы унтэр урэшце зразумеў:

— Салдаты, гэта ж разбой!

Кірдун ішоў проста на рулю, што ўздымалася насустрач яму.

Стрэл. 

Чакалі, што Кірдун пахіснецца або кінецца ў хмызы, а замест гэтага ўбачылі, як унтэр схапіўся за перадплечча.

Загорскі павёў вачыма налева і ўбачыў, як дыміцца штуцэр у руках Кандрата.

— Адстраляўся, камрад, — сказаў Кагут.

Халімон падышоў да унтэра і ўзяў стрэльбу з паралізаванай рукі.

— Так, дзядзька, не трэба, — разважліва сказаў ён.

І тут, нібы ў адказ на стрэл, запознена загаласілі бабы на вазах, зараўлі катаржане, заплакалі дзеці. Паміж варты, што ляжала на зямлі, аддаўся крык:

— Гэта разбой! Што вы ляжыце? У ружжо!!!

Алесь загадаў даць другі залп. Зноў паверх галоў. І, калі свіст куль нібы адсек голас, рэзка крыкнуў:

— Ці-ха!

На дапамогу Кірдуну спускаліся ўжо Сноп і Міхайла. Шчалканаў гуляў пісталетамі, па чарзе прыцэльваючыся ў салдат.

Цішыня. Толькі недзе плача дзіця. Жаласна і ціха, як кацяня.