Палескія рабінзоны - Мавр Янка. Страница 18
Хлопцы пазіралі адзін на аднаго, як ачмурэлыя.
– Можа, ты? – шэптам запытаўся Віктар.
– Ідзі ты к ліху! – раззлаваўся Мірон. – Хутчэй ты сам.
– І не я. Значыцца…
– …тут нядаўна быў чалавек, – скончыў Мірон. І быў ён не пазней учарашняга дня, бо ў перадапошнюю ноч быў дождж і недакурак пажаўцеў бы.
– А я думаю, што сёння, – упэўнена адказаў Віктар, – бо сёння я тут быў і ў кожным разе такую незвычайную рэч заўважыў бы.
– Відаць, ён быў тут, калі нас не было, і падумаў, што нікога няма. Можа, ён і недалёка паспеў адысціся.
– Гэй! Людзі! Сюды! – загукалі хлопцы што было сілы.
Прыслухаліся – ніхто не адгукаецца.
Зноў пачалі крычаць, зноў прыслухаліся. Потым пабеглі наперад, нібы шалёныя, кідаліся ва ўсе бакі і крычалі датуль, пакуль не страцілі голас. Але ўсё было дарэмна…
– Няма! Пайшоў, – апусціў галаву Віктар. – А ён ведае дарогу.
– Добра ўжо і тое, што сюды можна прыйсці, – сказаў Мірон. – А калі можна прыйсці, значыцца, можна і выйсці.
– Але як, калі не ведаеш, знайсці гэтую сцежку?
– Вядома, нялёгка. Затое мы пэўна ведаем, што яна ёсць. І гэта добра.
Доўга абмяркоўвалі яны гэтае здарэнне, нават заснуць не маглі. Вельмі шкадавалі, што чалавек не знайшоў іх. Але ж затое ў іх з'явілася надзея хутка выбрацца з гэтай пушчы.
І калі нарэшце, здавалася, яны паснулі, Віктар раптам усхапіўся і штурхнуў Мірона ў бок.
– Чаго ты? – нездаволена буркнуў той.
– Слухай, – трывожным шэптам пачаў Віктар. – А што, калі… ён… наўмысля не хацеў сустрэцца з намі?
– Ну, вот яшчэ што выдумаў! Спі. Заўтра ўбачым.
– Не, ты толькі падумай: будка, вогнішча, чарапаха з сокам, розныя хатнія рэчы, а галоўнае – барсучыная скура ў будцы. Хіба можна падумаць, што нікога няма? Га?
– А чаму ж не? – адказаў Мірон, але ўжо не так упэўнена. – Калі мы пойдзем, то пакінем жа і вогнішча, і будку.
– А чарапаху? А барсучыную скуру?
– Ну, ён мог на гэта не звярнуць увагі.
– Але ж ён, здаецца, стаяў і курыў тут.
Довады Віктара пахіснулі і Мірона. Але як яны ні меркавалі, растлумачыць гэты незразумелы факт ніяк не маглі. Ну, хто мог хавацца ад іх і навошта?…
Так і паснулі ў трывожным няведанні.
XIV
Дарэмныя патугі. – Паселішча баброў. – Яшчэ адна няўдалая спроба. – Недакурак варона на хвасце прынесла. – Сонны заяц.
Ледзь толькі ўзышло сонца, як хлопцы былі на нагах і спешна рушылі ў дарогу. Калі яны падышлі ўжо да балота, каб пераправіцца на другі востраў, Мірон прыпыніўся і сказаў:
– А чаму мы так упэўнены, што чалавек прыходзіў з таго вострава? Ён жа мог прыйсці і непасрэдна на наш.
Віктар і сам здзівіўся, адкуль узялася ў іх гэтая ўпэўненасць. Тым болей што чалавеку без ніякай патрэбы і карысці трэба было прабірацца і праз гэтае балота, у якім яны ледзь не загінулі.
– Усё роўна трэба абследаваць абодва, – нарэшце сказаў Віктар, – дык пачнём ужо з таго, які меней вядомы.
Яны пільна прыглядаліся да балота, ці не відаць слядоў незнаёмага чалавека. Але сярод сваіх слядоў новых нельга было заўважыць.
– А можа, ён у другім месцы перайшоў.
Прайшліся ў адзін, другі бок, але ніякіх слядоў не знайшлі.
Як жа не хацелася ім зноў лезці ў гэтае абрыдлае балота! Адно што ўдзень ісці было куды лепш, як уначы. Апрача таго заўважылі, што за апошнія суткі балота крыху пасушэла.
– Відаць, паводка яшчэ не скончылася, – сказаў Мірон. – Вада ўсё падае. Гэта для нас добра.
Перайшлі на той бераг і пайшлі ў абход, як і раней.
Зноў пачалася цяжкая праца. Зноў у роспачы соваліся яны ва ўсе куткі і кожны раз без выніку адыходзілі назад. Вось абагнулі адзін бок, другі, а выйсця ніякага няма. Абышлі трэці бок і завярнуліся зноў назад.
– Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, – упэўнена сказаў Віктар.
У кутку, адкуль хлопцы пачалі абследаванне апошняга, паўднёвага берага вострава, сярод дрэў і лазняку яны заўважылі ваду, нібы азярцо. Яны і раней бачылі яе, але палічылі, што сюды няма чаго совацца, і пайшлі далей да месца сваёй пераправы.
Цяпер жа зацікавіліся і гэтым месцам. Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера. Крыху далей крыніца была перагароджана нібы грэбляй, перад якой вада крыху затрымлівалася і стварала тое азярцо, што хлопцы бачылі з берага. Цяжка было распазнаць, ці прыродная гэта грэбля, ці зроблена людскімі рукамі. Праўда, два зламаныя дрэвы з галінамі, кучы ламачча ляжалі так, як чалавек не рабіў бы. Але, з другога боку, цяжка было даць веры, што ўсё гэта навалілася тут выпадкова. Перад грэбляй з вады вытыркаліся тры стажкі, нібы копы сена. Зноў жа нельга было даць веры, каб такія стажкі стаялі выпадкова.
Раптам каля грэблі плюхнуліся ў ваду дзве-тры невялікія жывёлівы, падобныя да выдры, якую хлопцы бачылі раней.
– Бабры! – крыкнуў Віктар.
Гэтае з'явішча так зацікавіла хлопцаў, што яны забыліся і на голад, і на зморанасць, і на таемнага чалавека, і на сваё становішча. Столькі разоў яны чулі і чыталі пра гэтых рэдкіх, каштоўных і цікавых жывёл, якія захаваліся ў рэчках лясных раёнаў Расеі і Беларусі. Столькі чулі пра іх паселішча, жыццё. І вось цяпер яны бачаць іх сваімі ўласнымі вачыма ды яшчэ ў першабытных, прыродных умовах.
– Дык вось як яны жывуць! – прамовіў Мірон. – Трэба будзе добра прыгледзецца да іх.
– Абавязкова! – згадзіўся Віктар. – Варта спецыяльна дзеля гэтага застацца на адзін лішні дзень.
Сёння было позна ўжо гэтым займацца. Надыходзіў вечар, хлопцы даўно ўжо выйшлі з «дому», і трэба было спяшацца, каб не пагас агонь. Зірнулі мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей.
Уся гэтая мясціна выдалася зусім не грузкая. Калі праціснуліся праз зараснік, то адразу выйшлі на ўзгорак, а за ім недалёка ўбачылі і сваю рыбную сажалку.
– Вось табе і на! – крыкнуў Віктар. – Навошта ж мы пакутавалі на балоце, калі тут ёсць такая добрая дарога!
У высахлай сажалцы відаць было шмат слядоў не толькі звяр'я, але і птушак.
– Відаць, усе паласаваліся нашай рыбай, – заўважыў Мірон.
Так скончыўся гэты дзень. Здавалася, ён быў такі самы цяжкі, няўдалы, безнадзейны, як і папярэдні, але хлопцы неяк менш непакоіліся і не пакутавалі, як тады: новыя падзеі адцягнулі іх увагу ад сумных думак.
А на другі дзень доўга не маглі вырашыць, за што ўзяцца: ці дарогу шукаць, ці ісці паглядзець баброў.
– Зразумей жа ты, – даводзіў Мірон, – што ад дарогі залежыць наша выратаванне. Нельга з-за цікавасці рызыкаваць жыццём. Калі будзем ведаць дарогу, тады заўсёды можам вярнуцца і спакойна заняцца нагляданнем. Я не кажу, каб абавязкова ісці дадому. Хай мы знойдзем хоць след чалавечага жылля і адтуль вернемся.
Віктар жа даводзіў сваё:
– Ну як жа ісці далей, калі побач такая цікавая рэч? Калі яшчэ вернемся ды і ці вернемся наогул – невядома. Можа, гэты след за дваццаць кіламетраў. Ці захочаш тады ты сам вяртацца назад? Я не спадзяюся на гэта.
Доўга спрачаліся яны і, нарэшце, вырашылі кінуць жэрабя. Лёс вырашыў на карысць Віктара.
Праз некаторы час яны былі каля бабровага паселішча. Спачатку ўважліва агледзелі будоўлю. Адно з паваленых дрэў мела сантыметраў сорак таўшчыні, другое – крыху меней, а побач было шмат танчэйшых пнёў.
– Няўжо ўсё гэта яны самі звалілі? – дзівіўся Мірон.
– А то хто ж? Глядзі, як падпілавалі. Усе пні былі завостраныя, нібы калы. Таксама былі завостраныя і канцы дрэў. Бабры пачыналі грызці навакол шырокай паласой, а потым усё вузей і вузей, пакуль дрэва не ламалася.
– Няўжо яны па свайму жаданню валяць гэткае дрэва ў той ці іншы бок? – пытаўся Мірон.
– Мусіць, так, бо, бачыш, няма ніводнага дрэва, паваленага ў другі бок.
Тут яны заўважылі вялікую асіну, якая была падгрызена так, што, здавалася, яе можна было б зваліць пальцам.
– Не! – крыкнуў Віктар. – Хоць сам загіну, а падпільную, як яны будуць валіць гэтае дрэва!