Палескія рабінзоны - Мавр Янка. Страница 25
– У зямлі магло папсавацца ад вільгаці, а тут суха, бо бабры будуюць хату ў два паверхі, з якіх верхні заўсёды сухі і ніколі не заліваецца вадой. Акрамя таго, на зямлі кожны раз заставаўся б след, калі закопваць ды выкопваць. Гэта ж вялікае багацце!
– Якая карысць з гэтага? – сумна прамовіў Мірон. – Вось каб гэтыя панчохі можна было есці!
– Пачакай, можа, там яшчэ што ёсць?
Зноў засунуў Віктар руку.
– Ёсць! – крыкнуў ён і выцягнуў новы скрутак.
У ім былі перламутравыя гузікі.
– Ану іх да д'ябла! – вылаяліся хлопцы.
Далей – скрутак тонкага дарагога сукна.
– Ды тут цэлы магазін! – крыкнуў Мірон. – Ану, цягні яшчэ! Можа, кілбасы выцягнеш.
– Пастараюся, – адказаў Віктар і выцягнуў ужо нешта цяжэйшае. Гэта была скрынка, а ў ёй… два рэвальверы!
Радасць ахапіла хлопцаў.
– Во, гэта ўжо іншая рэч!
– Толькі ці ёсць да іх патроны? – сказаў Мірон.
– Знойдуцца! – упэўнена адказаў Віктар і зноў запусціў руку. Але на гэты раз нічога не дастаў.
– Навошта ж тады нам рэвальверы? – сумна прамовіў Мірон.
– Пачакай яшчэ. Пакой бабра часам мае больш за метр ушыркі. Я ж не мог дастаць рукой ва ўсе куты. Трэба пашырыць уваход.
І хлопцы ўзяліся за гэтую працу.
Калі разабралі «столь», дык знайшлі яшчэ скрынку з двума рэвальверамі, некалькі бляшанак з патронамі, зноў скрутак з нейкай замежнай галантарэяй і, нарэшце, чатыры маленькія шасцісценныя каробачкі. Яны былі моцна зроблены з суцэльнага металу і толькі на канцы мелі шрубку.
– Фю-і-і! – засвістаў Віктар. – Тут ужо пахне больш сур'ёзнай справай. Гэта ж піраксілінавыя шашкі!
– Ого! Пакажы! Пакажы! – схіліўся Мірон. – У такім разе тут не проста кантрабанда, а нешта горшае.
– Так, – пацвердзіў Віктар. – Значыцца, нашы «збаўцы» не толькі кантрабандысты, але і дыверсанты. Нездарма мяжа адсюль за кіламетраў трыццаць. А вось яшчэ нейкія паперы.
Хлопцы пачалі разглядаць незразумелыя лісты, напісаныя лацінскімі літарамі, але ніводнага слова не маглі зразумець.
– Відаць, шыфраваныя, – здагадаліся яны.
І, нарэшце, карта Беларусі з рознымі, таксама незразумелымі адзнакамі: крыжыкамі, рыскамі, кружочкамі.
– Тут сапраўдны штаб! – задуменна прамовіў Віктар. – Цяпер я добра разумею, чаму яны хацелі нас загубіць.
– У такім разе і мы арганізуем свой уласны штаб ды абмяркуем, што з усім гэтым багаццем рабіць, – сказаў Мірон.
Пытанне было складанае. Узяць усё сабе – немагчыма. Як цягацца з гэтым дабром, калі невядома яшчэ, як яны самі выкруцяцца з бяды. Знішчыць? Шкада, усё ж такі рэчы каштоўныя. Апрача ўсяго, і тое і другое рызыкоўна: калі бандыты прыйдуць і заўважаць, што склад іх знойдзены, дык адразу здагадаюцца, у чым справа, і пачнецца такое паляванне, ад якога не схаваешся. А хлопцам трэба было ціхенька сачыць, каб выведаць дарогу. Значыцца, у першую чаргу трэба зрабіць так, каб не было відаць, што сховішча знойдзена. А хлопцы ўзялі ды разбурылі хатку.
– Што ж мы з табой нарабілі? – сумна сказаў Віктар. – Зноў памылка! Калі ж будзе канец ім? Цяпер зноў прыйдзецца будаваць хату!
– Відаць, прыйдзецца, – адказаў Мірон такім тонам, нібы ён адзін быў у гэтым вінаваты. – Але спачатку зробім вось што: возьмем два рэвальверы, насыплем у скрынкі пяску і паставім назад; гэтак жа зробім і з патронамі; барахло пакінем усё цалкам, а паперы возьмем з сабой, бо яны замінаць не будуць. Калі мы выратуемся, тады даставім каму належыць каштоўныя паперы. А хатку нам усё ж прыйдзецца аднаўляць. Кожны раз новыя здарэнні, таму і нельга ўсяго прадугледзець.
Віктар згадзіўся з гэтым планам, толькі ўнёс адну папраўку: узяць усе чатыры рэвальверы.
– Гэта ні ў якім разе не пашкодзіць, а можа, і спатрэбіцца, – дадаў ён.
Мірон не пярэчыў.
Пачалі ўпарадкаваць рэчы.
Калі з адной бляшанкі выбралі патроны, Мірон сказаў:
– А бляшанку адну трэба ўзяць сабе. Яна можа служыць замест гаршка.
– Правільна! Тады не трэба будзе больш важдацца з гэтым праклятым чарап'ём.
У апошні момант, калі пачалі былі закладваць гняздо, заўважылі ў галлі новую рэч. Гэта быў кінжал у ножнах. Гэтая знаходка ўсцешыла хлопцаў больш, як усё папярэдняе.
– Гэты нож нібы спецыяльна пакладзены для нас! Яны, можа, так сабе, на кожны выпадак, сунулі яго, а для нас якое шчасце! – цешыўся Мірон.
– Дай Бог ім здароўя на тым свеце! – прамовіў Віктар.
Калі ўпарадкавалі рэчы, пачалі рамантаваць хатку. Трэба было зрабіць акурат так, як было раней, а гэта аказалася вельмі нялёгкай справай. Сувязь між галлём была парушана; выходзіла звычайная куча ламачча, а не бабровая хатка.
– Ах, каб на цябе ліха! – злаваў Віктар. – Ніколі не думаў, што давядзецца будаваць бабру хату.
– Ды яшчэ акурат так, як яны, – дадаў Мірон. – Не, гэтак нікуды не варта! Разбурай зноў. Няма чаго спяшацца. Рызыкоўна. Трэба прыгледзецца, як яны будуюць, і пачаць спачатку, па галінцы.
– Вось не было яшчэ бяды! – бурчаў Віктар. – Гэтак увесь дзень патрацім.
– Але ад гэтай працы залежыць нашае жыццё, – сурова сказаў Мірон.
– Эх, каб можна было папрасіць баброў, каб яны самі дабудавалі, – уздыхнуў Віктар.
І, набраўшыся цярплівасці, хлопцы ўзяліся за працу павольна, метадычна. Некалькі разоў пачыналі спачатку, адыходзілі, прыглядаліся, зноў папраўлялі. Адным словам, сапраўды патрацілі бадай увесь дзень, пакуль зрабілі так, як было спачатку.
«Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. З аднаго боку – рэвальвер, з другога – рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак.
– Вось калі дапамаглі нашы ваенныя заняткі ў гуртку! – казаў Мірон. – Без гэтага не толькі не ведалі б ніякіх там піраксілінаў, але і рэвальвера не ўмелі б у руках трымаць.
– А цяпер толькі давай сюды бандытаў, – усіх перастраляю! – храбрыўся Віктар. – Хай бы цяпер трапіўся які звер.
– Ну-ну! З рэвальверам на паляванне не ходзяць. Ці пацэліш ты хоць вунь у тое дрэва?
– Ану, давай! – з запалам крыкнуў Віктар.
Стрэлілі яны па тры разы, а трапіў толькі адзін раз Мірон. Віктар аж пачырванеў ад сораму.
– Давай яшчэ! – гарачыўся ён.
– Калі ты гэтак будзеш гарачыцца, дык ніколі не патрапіш, – павучальна сказаў Мірон. – Гэта табе не стрэльба. Каб з рэвальвера навучыцца страляць на далёкай адлегласці, трэба доўга практыкавацца. А нам хопіць і гэтага. У бандыта зблізку трапім.
– Але ж трэба папрактыкавацца, патронаў хапае, – настойваў Віктар.
– Я баюся, што нашы стрэлы могуць пачуць гэтыя самыя бандыты. Хто іх ведае, дзе яны жывуць, дзе бадзяюцца! Можа, блізка.
Гэтая заўвага пераканала Віктара.
Хоць сённяшні дзень быў і зусім галодным, але хлопцы паляглі спаць у самым бадзёрым настроі. Ім здавалася, што з рэвальверамі ім галадаць болей ужо не прыйдзецца.
Калі яны паляглі, Віктар сказаў:
– Ведаеш што? Цяпер я ўжо разумею, чаму баброў гэтых шануюць, берагуць, бароняць. Яны ж надзвычай карысныя для чалавека! Гэта ж яны нас выратавалі тады ад смерці! Яны цяпер нам і зброю далі.
– Застаецца толькі папрасіць іх, каб вывелі нас адсюль, – адказаў Мірон пазяхаючы.
XIX
Голад са зброяй. – Сапраўднае паляванне.
Прачнуліся яны з такім пачуццём, нібы ліхія гадзіны ўжо скончыліся. Цяпер і зброя ў іх была, і дасканалы нож, і добрая пасудзіна. Можна было ўжо сапраўдны абед згатаваць. А як жа яны знудзіліся па гатаванай страве! Усё было добра, толькі… не было чаго гатаваць. Другі дзень яны нічога не елі.
Але настрой быў бадзёры і вясёлы.
– Цяпер ужо малая бяда! – казаў Віктар. – Ідзём на паляванне!
З рэвальверамі ў руках яны пайшлі ў лес. Прабадзяліся гадзіну, другую, а страляць не было ў каго. Скакалі па дрэвах вавёркі, але не пра такую дзічыну думалі паляўнічыя, ды каб і падумалі, – з рэвальвера не застрэлілі б. Бачылі на дрэве яшчэ адну жывёлу, якую Мірон палічыў за гарнастая, але Віктар растлумачыў, што гэта куніца.