Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм. Страница 16

А бабiна асцярожнай была, яна на беразе засталася.

Засталася на беразе i давай смяяцца з вугольчыка i саломiнкi.

Смяялася яна, смяялася - i лопнула ад смеху.

Дрэнна б ёй давялося, ды на яе шчасце сядзеў на беразе вандроўны кравец.

Дастаў кравец нiткi i сшыў абедзве палавiнкi бабiны.

А таму што ў краўца белых нiтак з сабой не было, ён зашыў бабiну чорнай нiткай. З таго часу ва ўсiх бабiнах чорнае шво пасярэдзiне.

СТОЛIК-НАКРЫЙСЯ, ЗАЛАТЫ АСЁЛ I ДУБIНКА З МЯШКА

Даўным-даўно жыў на свеце кравец. Былi ў яго тры сыны i адна-адзiная каза. Яна iх усiх малаком кармiла. А за гэта яе трэба было кожны дзень пасвiць.

Сыны пасвiлi казу па чарзе. Пагнаў яе аднойчы старэйшы сын на могiлкi. Трава там расла высокая ды сакавiтая. Каза цэлы дзень скубла траву i скакала. Вечарам, перад тым як вяртацца дамоў, ён i пытае ў яе:

- Цi сытая ты, каза мая?

Адказала каза:

- Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!

- Ну, тады i iдзi дадому.

Прывёў яе за вяровачку ў стойла i моцна прывязаў.

Бацька цiкавiцца ў сына:

- Цi не галодная наша каза?

- О, яна такая сытая, не хоча болей нi лiсцiка.

Пахвалiў кравец сына, а сам пайшоў у стойла, пагладзiў любiмую козачку i перапытвае:

- Цi сытая ты, каза мая?

I адказала яму каза:

- Ад чаго я буду сытая? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!

- Што я чую!

Выскачыў кравец са стойла, як закрычыць на сына:

- Ах ты, манюка, каза ж зусiм галодная!

Пабiў сына i прагнаў з двара.

На другi дзень наступiла чарга пасвiць казу сярэдняму сыну. Знайшоў ён у садзе месца, дзе трава добрая расла, каза яе ўсю i з'ела. Вечарам пытае:

- Цi сытая ты, каза мая?

- Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!

- Тады iдзi дадому.

А дома стары кравец дапытвае сына:

- Цi наелася наша каза?

- О, яна такая сытая, што не хоча болей нi лiсцiка.

Але кравец вырашыў сам у гэтым пераканацца. Зайшоў у стойла i пытае:

- Цi сытая ты, каза мая?

I адказала каза:

- Як мне быць сытаю, калi я з'ела толькi адну былiнку, як скакала цераз магiлку. Ме-ме!

- Ах ты, гэткi злодзей! - закрычаў кравец. - Такую рахманую казу ды прымусiў галадаць!

Выбег са стойла, адмянташыў палкай сына i прагнаў з двара.

Наступiла чарга малодшаму сыну пасвiць казу. Знайшоў ён добрую пашу з густой травой, запусцiў туды казу. Вечарам пытае ў яе:

- Цi сытая ты цяпер, каза мая?

- Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!

- Ну, тады пайшлiма дамоў.

А дома бацька сустракае, сына распытвае:

- Цi наелася ўволю каза наша?

- О, татка, яна такая сытая, што не хоча болей нi лiсцiка.

Кравец не паверыў, пайшоў у стойла, перапытвае ў казы:

- Цi сытая ты сёння?

I адказала злая каза:

- Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!

- Ах ты, iлгун! - закрычаў кравец, выскачыў са стойла i давай бiць беднага хлопчыка, той ледзь з двара паспеў збегчы.

Застаўся стары кравец адзiн са сваёй казой. Ранiцай, што рабiць, павёў яе сам пасвiць. Знайшоў зялёныя кусты, памiж якiмi расла трава-дзеравей. Яе вельмi любяць козы, от ён i ўзрадаваўся:

- Тут, мая мiлая козачка, хоць раз удоваль наясiся.

Да самага вечара пасвiў кравец сваю казу. Пасля пытае:

- Цi сытая ты, каза мая?

I яна адказала:

- Я такая сытая, што не змагу з'есцi болей нi лiсцiка.

- Ну, тады iдзi дадому.

Адвёў кравец казу ў стойла, моцна прывязаў. А далей думае, дай-ка праверу казу. Вярнуўся i перапытвае:

- Ну, козачка, сытая сёння?

Але каза адказала тое самае, калi яе пасвiлi сыны:

- Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!..

Пачуў гэта кравец i аслупянеў. Зразумеў: за нiшто выгнаў сваiх сыноў з дому. I ўздумаў ён адпомсцiць казе. Узяў сваю брытву, нагнуў казе галаву i пагалiў яе. Хай з такой меткаю ўсе ведаюць: яна - няўдзячнае стварэнне. Пасля адхлiстаў яе бiзуном i выгнаў з двара.

Застаўся кравец адзiн-адзiнюткi ў сваёй хаце. Засумаваў, хацеў, каб вярнулiся сыны, але ж нiхто не ведаў, дзе яны.

Старэйшы сын паступiў на вучэнне да аднаго сталяра. Быў руплiвым, старанным вучнем. А калi закончыў вучобу, майстар падарыў яму столiк. З выгляду - звычайны столiк, зроблены з простага дрэва, але меў ён адну незвычайную якасць. Варта паставiць яго i сказаць: "Столiк, накрыйся!" - то добры столiк iмгненна накрываўся чыстым маленькiм абрусам, ставiлiся на яго талеркi з вараным ды смажаным, вiдэльцы, нажы. Сядай i частуйся!

Малады майстар, задаволены i вясёлы, пачаў вандраваць па свеце. Ён не засмучаўся, якая гасцiнiца была на яго шляху, бо мог сытна паесцi i ў полi, i на лузе.

Урэшце надумаўся сын вярнуцца дамоў. Бацька, вiдаць, перастаў гневацца на яго, а з такiм чароўным столiкам прыме да сябе ахвотна.

Але па дарозе дамоў здарылася з iм бяда. Прыпынiўся на начлег у адной гасцiнiцы. Гасцей там было поўным-поўна. Яны запрасiлi яго вячэраць за свой стол.

- Не, - сказаў малады сталяр, - навошта я вас буду аб'ядаць, лепш вы будзьце маiмi гасцямi.

Усе думалi, што хлопец жартуе, але ён паставiў свой драўляны столiк пасярод пакоя i сказаў:

- Столiк, накрыйся!

Iмгненна на iм з'явiлiся такiя стравы, якiх сам гаспадар гасцiнiцы не мог прапанаваць.

- Частуйцеся, дарагiя госцi! - прапанаваў сталяр.

Пастаяльцаў не трэба было доўга ўгаворваць, падселi яны да столiка i давай уплятаць ласункi. Толькi з'ядуць адно, з'яўляецца новае. Гаспадар гасцiнiцы бачыў усё гэта i вельмi зайздросцiў.

Сталяр i госцi весялiлiся да позняй ночы. А як толькi ўлеглiся спаць, гаспадар гасцiнiцы i падмянiў чароўны столiк сваiм, звычайным.

Ранiцай сталяр заплацiў грошы за начлег, узяў столiк, не адчуваючы зладзейства, i пайшоў сваiм шляхам-дарогай. Апоўднi быў ужо дома. Бацька сустрэў яго з вялiкай радасцю, спытаў:

- Ну, дарагi сынок, чаму ты навучыўся?

- Стаў я, бацечка, сталяром.

- Што ж, гэта добрае рамяство. А што ты зарабiў за гэты час, з якiм багаццем вярнуўся дамоў?

- Бацечка, самае дарагое, што я займеў, то вось гэты столiк.

Агледзеў яго кравец дый кажа:

- Што ж, зроблены ён няважна, стары столiк.

- Але гэта "столiк-накрыйся", - адказаў сын i растлумачыў пра яго чарадзействы.

Вось сабралiся ў бацькавай хаце госцi. Узяў сын свой столiк, паставiў пасярод пакоя i загадаў: