Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм. Страница 31
Так i не змог кароль нiчога ўведаць, i давялося яму назад яе адсылаць.
Праз якi час быў наладжаны новы баль, i Дзiкунка папрасiла ў повара дазволу, як i ў мiнулы раз, пайсцi наверх i паглядзець. Повар адказаў:
- Добра, але глядзi, праз паўгадзiны вяртайся назад, ды звары каралю хлебнай сёрбанкi, якая яму так прыйшлася да смаку.
Пабегла яна ў сваю каморку, хутка памылася, дастала з арэхавай шкарлупкi сукенку, што была срэбная, як месяц, i надзела яе. Паднялася яна наверх у замак i была падобная на каралеўну. Выйшаў да яе насустрач кароль, быў рады бачыць яе зноў, i якраз у гэты час пачынаўся танец, - i яны танцавалi разам. Але толькi танец скончыўся, яна знiкла так хутка, што кароль не паспеў заўважыць, куды яна падзелася. А яна забегла да сябе ў каморку, сталася зноў Дзiкункай i пайшла на кухню варыць хлебную сёрбанку. А повар быў на версе; i вось яна дастала залатое вераценца, кiнула ў мiску i налiла туды сёрбанкi. Падалi яе каралю, i ён яе еў, i сёрбанка яму спадабалася, як i ў мiнулы раз; загадаў кароль паклiкаць повара, i давялося яму i на гэты раз прызнацца, што суп варыла Дзiкунка. Паклiкалi Дзiкунку зноў да караля, але яна адказала, што адно толькi ўмее - гэта цярпець здзекi ды пабоi i што пра залатое вераценца ёй нiчога невядома.
Наладзiў кароль i ў трэцi раз баль, i атрымалася ўсё гэтак жа, як i раней. I хоць повар сказаў:
- Дзiкунка, ты, напэўна, ведзьма, магчыма, у суп штосьцi падсыпаеш, ад чаго ён робiцца такiм смачным i падабаецца каралю больш, чым той, якi вару я.
Але яна доўга яго ўпрошвала, i нарэшце ён адпусцiў яе на паўгадзiны паглядзець на баль. Надзела яна сукенку, што ззяла, як зоры, i пайшла ў залу. I зноў кароль танцаваў з прыгажуняй, яму здавалася, што яна нiколi яшчэ не была такой прыгожай. У час танцу надзеў ён ёй незаўважна на палец залаты пярсцёнак i загадаў, каб танцы працягвалiся даўжэй. Скончыўся танец, i ён хацеў утрымаць яе за руку, але яна вырвалася i тут жа згубiлася сярод гасцей. Пабегла яна хуценька ў сваю каморку пад лесвiцай, але паколькi яна прабыла ў замку больш чым паўгадзiны, то не паспела зняць з сябе цудоўную сукенку, а ахiнулася толькi ў мантыю i не змагла ў спешцы вымазацца ўся ў сажу, i вось адзiн палец застаўся ў яе белым. Прыбегла Дзiкунка на кухню, зварыла каралю хлебную сёрбанку i, толькi повар выйшаў, паклала ў яе залатое матавiла. Убачыў кароль залатое матавiла на дне мiскi i загадаў паклiкаць Дзiкунку. I раптам ён убачыў у яе белы палец, а на пальцы залаты пярсцёнак, якi ён падарыў ёй у час танцаў. Схапiў ён яе руку i моцна зацiснуў, i толькi яна паспрабавала вырвацца i пабегчы, раптоўна расхiнулася шыкоўная мантыя i заззяла на ёй зорная сукня. Схапiў кароль мантыю i сарваў яе з плеч. I тут ён убачыў залатыя валасы, i яна з'явiлася перад iм ва ўсёй сваёй прыгажосцi, - нiяк нельга было ёй ужо схавацца. А калi яна змыла з твару сажу i попел, то сталася яна прыгажуняй, i падобнай красы нiхто ў свеце яшчэ не бачыў.
I сказаў кароль:
- Ты мая нарачоная i мы назаўсёды з табой будзем разам.
А потым i вяселле згулялi, i жылi яны ў шчасцi i радасцi да самай смерцi.
МАЛАДЫ ВЕЛIКАН
У аднаго селянiна быў сын ростам з мезены палец. Праходзiў год за годам, а хлопчык не рос, усё заставаўся такiм жа маленькiм.
Вось аднойчы сабраўся бацька поле араць, а сын i гаворыць яму:
- Бацька, вазьмi мяне з сабой.
- Што ты, - кажа бацька, - заставайся лепш дома: ты такi маленькi, глядзiш, i згубiшся.
А сын гаворыць:
- Не, я не згублюся, вазьмi мяне з сабой.
Ну што тут рабiць? Запхнуў яго бацька сабе ў кiшэню i паехаў на поле.
Вось прыехалi яны на поле. Пачаў бацька зямлю араць, а сына пасадзiў у свежую баразну.
Бацька арэ, а сын па баразне гуляе.
Раптам выходзiць з-за гары велiкан.
- Бачыш велiкана? - гаворыць бацька сыну. - Глядзi, далёка не адыходзься, а то ўбачыць цябе велiкан i забярэ з сабою.
Так i здарылася. Велiкан зрабiў два крокi i апынуўся ля той самай баразны, па якой гуляў хлопчык.
Нахiлiўся над iм велiкан, падняў яго асцярожна двума пальцамi, агледзеў з усiх бакоў, потым запхнуў сабе ў кiшэню i пайшоў.
Бацька так перапалохаўся, што слова вымавiць не мог.
"Прапаў, - думае, - мой сын, нiколi мне больш яго не ўбачыць. Чаму толькi я яго з сабой на поле ўзяў?"
А велiкан занёс хлопчыка да сябе ў горы i пачаў яго там кармiць горнымi арэхамi са свайго саду. Хто гэтых арэхаў паесць, той велiканам стане.
Два гады жыў хлопчык у велiкана, два гады лускаў арэхi i з кожным днём рабiўся вышэйшым i дужэйшым.
I вось вырашыў нарэшце велiкан выпрабаваць сiлу хлопчыка.
Павёў ён яго ў лес i сказаў:
- Ану, пакажы сваю сiлу.
Хлопчык схапiў дзвюма рукамi маладое дрэўца i вырваў яго з коранем.
- Не, - гаворыць велiкан, - вiдаць, ты мала сiлы набраўся. Трэба табе яшчэ ў мяне пажыць, яшчэ арэхаў паесцi.
Зноў прайшлi два гады. I зноў павёў велiкан хлопчыка ў лес.
На гэты раз хлопчык вырваў з зямлi старое дрэва з тоўстымi i доўгiмi каранямi.
Але i тут велiкан сказаў:
- Не, мала яшчэ ў цябе сiлы, iдзём дамоў.
I яшчэ два гады пражыў хлопчык у велiкана. Арэхi еў, сiлы набiраўся. I так вырас за гэты час, што стаў ужо не хлопчыкам, а маладым велiканам. Трэцi раз пайшлi яны ў лес.
- Ану, пакажы сваю сiлу, - сказаў яму велiкан.
Хлопчык паглядзеў навокал, выбраў самы тоўсты дуб i пачаў вырываць яго з коранем. Па ўсiм лесе i трэск пайшоў, калi ён цягнуў дрэва з зямлi.
- Вось цяпер у цябе сiлы даволi, - сказаў яму велiкан i павёў на тое ж самае поле, адкуль прынёс хлопчыка шэсць гадоў таму назад.
А бацька хлопчыка, як i шэсць гадоў таму назад, араў у гэты час зямлю.
Раптам падходзiць да яго малады велiкан i гаворыць:
- Дзень добры, бацька. Бачыш, якiм малайцом я стаў.
Бацька спалохаўся.
- Што ты, - гаворыць, - я цябе не ведаю, iдзi сваёй дарогай.
А малады велiкан кажа:
- Не, я твой сын. Дай ты мне паараць, я не горш за цябе спраўлюся.
Не верыць бацька.
- Зусiм ты не мой сын, - гаворыць. - Iдзi адсюль, ты мне ўсё поле стопчаш.
А велiкан стаiць i не з месца.
Кiнуў тады бацька плуг, адышоўся ўбок i сеў на камень.
Ухапiўся малады велiкан за плуг, нацiснуў на яго злёгку адной рукой, ды так, што ўвесь плуг у зямлю ўвайшоў.
Разгневаўся бацька.
- Гэй, - крычыць, - што ты робiш? Хiба так аруць? Ты плуг паломiш!