Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм. Страница 35

- Вы пакiнеце залу цi не?

Яны спачатку намерылiся схапiць яго, нават з-за стала павыходзiлi, але ён выхапiў шаблю i сказаў:

- Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!

I пакацiлiся ўсе галовы на зямлю, i ён застаўся адзiным гаспадаром палаца ды зноў зрабiўся каралём Залатой гары.

СНЯГУРАЧКА

Гэта было ў сярэдзiне зiмы. Падалi сняжынкi, быццам пух з неба, i сядзела каралева ля акна, - рама яго была з чорнага дрэва, - i каралева шыла. Калi яна шыла, заглядзелася на снег i ўкалола iголкай палец, - i ўпалi тры кроплi крывi на снег. I чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: "Вось, калi б нарадзiлася ў мяне дзiця, белае, як гэты снег, i румянае, як кроў, i чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!"

I нарадзiла каралева неўзабаве дачку, i была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, - i празвалi яе таму Снягурачкай. А калi дзiця нарадзiлася, каралева памерла.

Праз год узяў кароль сабе другую жонку. Гэта была прыгожая жанчына, але ганарыстая i пыхлiвая, яна трываць не магла, калi хто-небудзь пераўзыходзiў яе хараством. Было ў яе чароўнае люстэрка, i калi станавiлася яна перад iм i глядзелася ў яго, то пыталася:

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I люстэрка адказвала:

- Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

I яна была задаволена, паколькi ведала, што люстэрка кажа праўду.

А Снягурачка за гэты час падрасла i станавiлася ўсё харашэй, i, калi ёй споўнiлася сем гадоў, была яна такая цудоўная, як ясны дзень, i прыгажэйшая за саму каралеву. Калi каралева спытала ў свайго люстэрка:

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

Люстэрка адказала так:

- Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,

Ды толькi Снягурачка вас засланяе красой.

Спалохалася тады каралева, пажаўцела, пазелянела ад зайздрасцi. Убачыць, бывала, Снягурачку - i сэрца ў яе разрываецца, так неўзлюбiла яна дзяўчынку. I зайздрасць, i фанабэрыстаць разрасталiся, як пустазелле, у яе сэрцы ўсё вышэй i вышэй, i не было ёй з гэтага часу спакою нi ўдзень, нi ўночы.

Тады яна паклiкала аднаго са сваiх егераў i сказала:

- Завядзi гэтую дзяўчынку ў лес, - я больш бачыць яе не магу. Ты павiнен яе забiць i прынесцi мне ў знак доказу яе лёгкiя i печань.

Егер паслухаўся i завёў дзяўчынку ў лес; але, калi ён выцягнуў свой паляўнiчы нож i хацеў было ўжо працяць нi ў чым не вiнаватае сэрца Снягурачкi, тая пачала плакаць i прасiць:

- Ах, мiлы егер, пакiнь мяне жывою! Я ўцяку далёка-далёка ў дрымучы лес i нiколi не вярнуся дадому.

I таму, што была яна такая прыгожая, егер над ёю злiтаваўся i сказаў:

- Так i быць, бяжы, бедная дзяўчынка! I падумаў сам сабе: "Усё адно там цябе хутка з'ядуць дзiкiя звяры", - i быццам камень звалiўся ў яго з сэрца, калi не давялося яму забiваць Снягурачку.

I якраз у гэты час падбег малады алень, егер яго закалоў, выразаў у яго лёгкiя i печань i прынёс iх каралеве ў знак доказу, што яе загад выкананы. Кухару распарадзiлiся зварыць iх у салёнай вадзе, i лiхая жанчына iх з'ела, думаючы, што гэта лёгкiя i печань Снягурачкi.

Засталася бедная дзяўчынка ў дрымучым лесе адна-адзiнюткая, i са страхам яна агледзела ўсе лiсцiкi на дрэвах, не ведаючы, як ёй быць далей, як свайму гору дапамагчы.

Яна кiнулася бегчы, i бегла па вострых камянях, праз калючыя зараснiкi, i скакалi каля яе дзiкiя звяры, але яе не чапалi. Бегла яна колькi сiлы хапiла, але вось пачало нарэшце вечарэць. Раптам яна ўбачыла маленькую хатку i зайшла ў яе адпачыць. I было ў той хатцы ўсё такiм маленькiм, але прыгожым i чыстым, што нi ў казцы сказаць, нi пяром апiсаць.

Стаяў там накрыты белай сурвэткай столiк, а на iм сем маленькiх талерачак, каля кожнай талерачкi па лыжачцы, а яшчэ сем маленькiх нажоў i вiдэльцаў i сем маленькiх кубкаў. Стаялi каля сцяны ў рад сем маленькiх ложачкаў, i былi яны засланы беласнежнымi пакрываламi.

Захацелася Снягурачцы паесцi i папiць, яна ўзяла з кожнай талерачкi патрошку гароднiны i хлеба i выпiла з кожнага кубачка па кропельцы вiна, - ёй не хацелася пiць усё з аднаго. А паколькi яна вельмi стамiлася, то легла ў адну з пасцелек, але нiводная з iх для яе не падыходзiла: адна была занадта доўгая, другая занадта кароткая; але сёмая аказалася нарэшце якраз па яе росту; яна на яе ўлеглася i, аддаўшыся на лiтасць боскую, заснула.

Калi ўжо зусiм сцямнела, прыйшлi гаспадары хаткi; былi то сямёра карлiкаў, якiя ў гарах здабывалi руду. Яны запалiлi сем сваiх лямпачак, i, калi ў хатцы стала светла, яны заўважылi, што ў iх хтосьцi быў, таму што не ўсё аказалася ў тым парадку, у якiм было раней. I сказаў першы карлiк:

- Хто гэта на маiм крэсле сядзеў?

Другi:

- Хто гэта з маёй талерачкi еў?

Трэцi:

- Хто ўзяў скiбачку майго хлеба?

Чацвёрты:

- А хто маю гароднiну еў?

Пяты:

- Хто маiм вiдэльчыкам браў?

Шосты:

- А хто маiм ножычкам рэзаў?

Сёмы спытаў:

- Хто гэта пiў з майго маленькага кубка?

Азiрнуўся першы i заўважыў на сваёй пасцельцы маленькую складачку, i спытаў:

- А хто гэта ляжаў на маiм ложачку?

Тут збеглiся астатнiя i пачалi гаварыць:

- I ў маiм таксама хтосьцi ляжаў.

Зiрнуў сёмы карлiк на сваю пасцель, бачыць - ляжыць у ёй Снягурачка i спiць. Гукнуў ён тады астатнiх; падбеглi яны, пачалi ад здзiўлення крычаць, прынеслi сем сваiх лямпачак i асвяцiлi Снягурачку.

- Ах, Божа мой! Ах, Божа мой! - усклiкнулi яны. - Якое, аднак, прыгожае дзiця!

Яны так зарадавалiся, што не сталi яе будзiць i пакiнулi яе спаць у пасцельцы. А сёмы карлiк праспаў у кожнага са сваiх таварышаў па гадзiне, так вось i ноч праляцела.

Надышла ранiца. Прачнулася Снягурачка, убачыла сем карлiкаў i спалохалася. Але былi яны з ёю ласкавыя i спыталi яе:

- Як цябе зваць?

- Мяне клiчуць Снягурачкай, - адказала яна.

- Як ты трапiла ў нашу хатку? - працягвалi пытацца карлiкi.

I яна расказала iм аб тым, што мачыха хацела яе забiць, але егер злiтаваўся над ёю, i што бегла яна цэлы дзень, пакуль нарэшце не знайшла iх хатку.

Карлiкi спыталi:

- Хочаш весцi ў нас гаспадарку? Кухарыць, пасцелi ўзбiваць, мыць, шыць i вязаць, усё ўтрымлiваць у чысцiнi i парадку, - калi ты на гэта згодная, то можаш у нас застацца, i будзе ў цябе ўсяго ўдосталь.