Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм. Страница 46
ЖЫВАЯ ВАДА
Жыў некалi кароль; быў ён хворы, i нiхто ўжо не верыў, што ён зможа калi-небудзь ачуняць. А было ў караля тры сыны; вось зажурылiся яны з-за гэтага, пайшлi ўнiз у каралеўскi сад i заплакалi. Але сустрэўся iм у садзе нейкi дзядок, стаў пра iх гора распытваць. Яны яму гавораць, што iхнi бацька вельмi хворы, вiдаць, памрэ, а дапамагчы яму нiчым немагчыма. А дзядок i кажа:
- Я ведаю яшчэ адзiн сродак, - гэта жывая вада; калi хто той вады нап'ецца, дык зноў ачуняе; але ваду гэтую знайсцi нялёгка.
Старэйшы сын i гаворыць:
- Вось я гэтую ваду i знайду.
Пайшоў ён да хворага караля, пачаў яго прасiць, каб той адпусцiў яго на пошукi жывой вады, што гэта толькi i можа яго вылечыць.
- Не, - сказаў кароль, - гэтая справа надта небяспечная, лепш ужо мне памерцi.
Але сын доўга яго ўпрошваў, i, нарэшце, кароль пагадзiўся. А прынц падумаў: "Прынясу я гэтую ваду, стану ў бацькi самым любiмым сынам i атрымаю ў спадчыну каралеўства".
I ён рушыў у шлях-дарогу; праехаў ён некаторы час, зiрк - стаiць на дарозе карлiк. Карлiк паклiкаў яго i кажа:
- Куды гэта ты так спяшаешся?
- Дурны малыш, - горда адказаў прынц, - табе пра гэта не трэба ведаць, - i паскакаў далей.
Разгневаўся маленькi чалавек i пажадаў яму зла. Трапiў прынц неўзабаве ў горную цяснiну, i чым далей ён ехаў, тым усё больш сыходзiлiся горы, i нарэшце дарога стала такою вузкаю, што ўжо нельга было i кроку ступiць; немагчыма было i каня павярнуць альбо ўстаць з сядла; i вось апынуўся прынц запёртым у скалах. Доўгi час прачакаў яго хворы кароль, але ён усё не вяртаўся.
Гаворыць тады сярэднi сын:
- Бацька, дазвольце мне паехаць на пошукi жывой вады, - а сам пра сябе падумаў: "Калi брат мой памёр, дык каралеўства дастанецца мне".
Кароль напачатку таксама не хацеў яго адпускаць, але нарэшце саступiў яго просьбам. Паехаў прынц той жа самай дарогаю, што i яго брат, i таксама сустрэўся яму карлiк, якi яго спынiў i запытаўся, куды гэта ён так спяшаецца.
- Эх ты, малыш, - сказаў прынц, - пра гэта ведаць табе не трэба, - i паскакаў далей, нават не азiрнуўшыся.
Але карлiк яго зачараваў, i прынц таксама трапiў, як i яго брат, у горную цяснiну i не мог зрушыцца нi ўзад нi ўперад. Вось так яно здараецца з людзьмi фанабэрыстымi!
Не вярнуўся назад i сярэднi сын, i падахвоцiўся тады iсцi на пошукi жывой вады малодшы сын, i давялося каралю ўрэшце яго адпусцiць.
Сустрэў меншы прынц карлiка, i той запытаўся ў яго таксама, куды гэта ён так спяшаецца. Прынц спынiў каня, пагаварыў з карлiкам, адказаў яму на пытанне i сказаў:
- Я шукаю жывую ваду, - бацька мой ляжыць пры смерцi.
- А ты ведаеш, дзе знайсцi яе?
- Не, - адказаў прынц, - не ведаю.
- Таму, што ты трымаеш сябе, як след i не фанабэрышся, як твае крывадушныя браты, я пакажу табе дарогу да жывой вады. Гэтая вада цячэ з крынiцы ў двары зачараванага замка. Але ты туды трапiць не зможаш, калi я не дам табе жалезнага прутка i двух маленькiх боханаў хлеба. Ты стукнi тым прутком тройчы ў жалезныя вароты замка, i яны тады расчыняцца; ляжаць на двары два iльвы, яны раззявяць пашчу, ты кiнеш кожнаму з iх па бохану, яны будуць маўчаць; але ты не марудзь, набяры сабе жывой вады, пакуль не праб'е поўнач, iнакш вароты зачыняцца i ты апынiшся там запёртым.
Падзякаваў яму прынц, узяў пруток i боханы i рушыў у шлях-дарогу. Калi ён прыехаў туды, усё было, як сказаў яму карлiк. Вароты расчынiлiся пасля трэцяга ўдару прутком, i калi ён задобрыў iльвоў хлебам, ён трапiў у замак i ўвайшоў у вялiкую цудоўную залу; а сядзелi ў той зале зачараваныя прынцы. Паздымаў ён у iх з пальцаў пярсцёнкi; i ляжалi тут жа меч i хлеб i ён узяў iх з сабою. Потым зайшоў ён у пакой, i стаяла там цудоўная дзяўчына. Пабачыўшы яго, яна ўзрадавалася, пацалавала яго i сказала, што ён яе вызвалiў ад злых чараў i можа цяпер атрымаць усё яе каралеўства; а калi ён вернецца праз год назад, дык яны адсвяткуюць з iм вяселле. Потым яна сказала, дзе крынiца з жывой вадою, i што павiнен ён спяшацца i набраць з яе вады, раней, чым праб'е поўнач. Пайшоў прынц далей, зайшоў, нарэшце, у пакой, дзе стаяў прыгожы, толькi што разасланы ложак; а быў бн стомлены i схацелася яму трошкi адпачыць. Ён лёг i заснуў; а калi прачнуўся, прабiла без чвэрцi дванаццаць. Ён ускочыў з перапуду, пабег да крынiцы, зачарпнуў вады ў кубак, якi стаяў там, i паспяшаўся хутчэй назад. Толькi ён выйшаў за вароты, якраз прабiла дванаццаць, i вароты зачынiлiся, ды так моцна, што адарвалi яму кавалак пяткi.
Але яму было радасна i весела, што дастаў ён жывой вады, i ён пайшоў дамоў. Давялося яму праходзiць зноў мiма карлiка. Пабачыў карлiк меч i хлеб i гаворыць:
- Ты здабыў для сябе вялiкае шчасце: гэтым мячом ты можаш разбiць цэлае войска, а гэты хлеб табе есцi i не з'есцi нiколi.
Не схацеў прынц дамоў вяртацца без сваiх братоў i спытаўся:
- Мiлы карлiк, цi не можаш ты мне сказаць, дзе знаходзяцца мае абодва браты? Яны паехалi па жывую ваду i назад да гэтага часу не вярнулiся.
- Яны сядзяць запёртыя памiж дзвюма гарамi, - сказаў карлiк, - я там iх зачараваў, таму што былi яны надта фанабэрыстымi.
Стаў прынц упрошваць карлiка i прасiў яго да таго часу, пакуль той iх не выпусцiў. Але карлiк яго перасцярог i сказаў:
- Ты iх сцеражыся, у iх злое сэрца.
З'явiлiся яго браты, ён узрадаваўся iм i расказаў, што з iм было, - як знайшоў ён жывую ваду, набраў яе поўны кубак, як вызвалiў цудоўную прынцэсу; што будзе яна яго чакаць цэлы год, а пасля яны адсвяткуюць вяселле i ён атрымае вялiкае каралеўства. Потым паехалi яны разам i трапiлi ў такую краiну, дзе былi вайна i голад, i кароль той краiны думаў, што яму давядзецца згiнуць, такая была вялiкая небяспека. Тады пайшоў да таго караля прынц, даў яму хлеба, i кароль накармiў гэтым хлебам усё сваё каралеўства; даў прынц яму меч, - ён разграмiў iм варожае войска i мог з таго часу жыць у мiры i спакоi. Узяў прынц назад свой хлеб i меч, i трое братоў рушылi далей. Але давялося iм пабываць яшчэ ў дзвюх краiнах, дзе панавалi вайна i голад; i прынц даваў каралям кожны раз свой хлеб i меч, - гэтак ён выратаваў тры краiны. Потым селi браты на карабель i паплылi па моры.
Дарогаю старэйшыя браты гавораць адзiн аднаму:
- Меншы ж брат знайшоў жывую ваду, а не мы; бацька аддасць яму за гэта ўсё каралеўства, а яно па праву належыць нам, ён аднiме ў нас наша шчасце.