Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) - Автор неизвестен. Страница 19

Конрадавы бацькi ўсё гэта ад яго ўтойвалi. Вядома, iм было вельмi прыкра, што iх сын напiсаў такi недарэчны лiст, але яны бачылi, як цяжка ён перажывае смерць братоў, i не хацелi псаваць яму настрой яшчэ болей.

Але даволi хутка Конрад пра ўсё даведаўся. Часам, калi ён гуляў па лесе, а асаблiва ўначы, зусiм побач пралятаў камень цi кiй. Калi ж ён падлавiў аднаго з нягоднiкаў - хлопца крыху маладзейшага за яго - i запатрабаваў растлумачыць прычыну такой увагi, той абазваў Конрада самымi брыдкiмi мянушкамi i недвухсэнсоўна сказаў, што Конрадаў лiст зганьбiў добрае iмя iх вёскi.

Конрад доўга думаў i нарэшце вырашыў, што яму засталося толькi адно: ён павiнен сам бiцца з цмокам.

Калi яго браты рыхтавалiся да бойкi, дык яны рабiлi розныя фiзiчныя практыкаваннi, выбягалi на прагулкi, нават не паснедаўшы, харчавалiся толькi карыснымi арганiзму пажыўнымi, але зусiм нясмачнымi стравамi. Убачыўшы якi-небудзь куст дзiўнае формы, яны ўяўлялi, што гэта цмок, прышпорвалi каня i раз'юшана накiдвалiся на яго з сякераю. Нiчога такога Конрад не рабiў, ды каб ён нават i паспрабаваў узмахнуць сякерай, не злезшы папярэдне з каня, дык абавязкова звалiўся б, бо добра трымацца на канi так i не навучыўся.

Не захацеў ён i трацiць свае грошы, каб набыць прыгожыя дарагiя даспехi ды шалом з пёрамi. Яго зусiм не турбавала, спадабаецца ён гледачам цi не.

Уся падрыхтоўка была вельмi простая i танная. Адзiнае, над чым яму давялося паламаць галаву, была прамова ў гонар прынцэсы.

Конрад цудоўна ведаў, што павiнен вымавiць словы кахання, бо iначай цмок не з'явiцца. Але пасля смерцi Рудольфа ягоная абыякавасць да прынцэсы перарасла ў варожасць, амаль у нянавiсць. Ён не мог прымусiць сябе сказаць, што кахае яе, нават схлусiць не мог. Таму ён падбiраў такiя выразы, якiя дурному агiднаму цмоку падалiся б словамi кахання, а для прамоўцы азначалi б нешта зусiм iншае.

Конрад, як i ўсе яго папярэднiкi, атрымаў афiцыйны лiст, запячатаны вялiкай чырвонаю пячаткай, у якiм было шмат камплiментаў i вызначаўся час бойкi. Конрад выехаў з дому вельмi рана, яшчэ ў прыцемку. Ён ехаў на канi, якога яму пазычыў бацька: конi цмока не спакушалi. Конрад з задавальненнем пайшоў бы й пешкi, але апроч ежы яму трэба было цягнуць сякеру, а да замка было далёка - семнаццаць мiль. На iм была старая вопратка, бо шкада было псаваць новую. Хлопец цiхенька ехаў па маўклiвых вулiцах, людзi спынялi працу i выходзiлi з хат, каб зiрнуць на яго. Усе ведалi, куды ён едзе, i якi лёс яго чакае. I хоць яны i не вiталi яго голасна, але ж i не кпiлi з яго. Ужо гэта было прыемна.

Нарэшце на даляглядзе паўстаў замак, i Конраду да драбнiц прыгадалася ўсё, што ён бачыў два гады таму. Ажно душа зайшлася ў хлопца, але ён не спынiўся i мужна паехаў далей.

Конрад не паспеў з'есцi свой сняданак, i торбачка з харчамi так i вiсела ў яго на шыi. Калi ён прыгадаў гэта, яму зрабiлася няёмка i боязна, што людзi пачнуць смяяцца. Але смяяцца амаль не было каму - нiкога не вабiў спектакль, бо ўжо занадта часта яго гулялi.

I ўсё ж, калi ён пад'ехаў блiжэй да замкавых муроў, народ пачаў збiрацца. Нейкi маленькi хлопчык прадудзеў на трубе ў вуха Конрадаваму каню. Той напалохаўся, адскочыў убок, i, як Конрад нi хапаўся за ягоную грыву, конь усё ж яго скiнуў.

Усе вакол зарагаталi. Ну як не пасмяяцца з героя, якi нават на канi ўтрымацца не можа?!

Конрад пасаромеўся зноў залазiць на каня i ўзрадаваўся, калi нейкi добразычлiвы чалавек прапанаваў патрымаць жывёлiну, пакуль Конрад будзе заняты з цмокам.

Конрад уяўляў сабе, як дзiўна ён выглядае: пешкi, у запыленай вопратцы, ды яшчэ з сякерай, на якую ён абапiраўся, як на кiй. Натоўп, якому падабалiся прыгожыя, вясёлыя, зухаватыя героi, прыняў яго вельмi халодна.

Зусiм iначай на яго з'яўленне адрэагавалi ў замку. Прыцiснуўшыся тварам да вакна i стаiўшы дыханне, прынцэса Гэрмiёна назiрала за кожным ягоным крокам. "Гэта ён, гэта мой Конрад! - у захапленнi шаптала яна. - Ах, чарадзей, ну, пачакай яшчэ хвiлiну! Дай мне яшчэ разок зiрнуць на яго!"

Конрад усё блiжэй падыходзiў да замка, яму вельмi хацелася чым-небудзь парадаваць гледачоў, але ён толькi i здолеў, што нервова ўсмiхнуцца. У ягонай кiшэнi ляжала пляшачка з хлараформам, якую ён папярэдне загарнуў у насоўку. Яшчэ нiхто да яго не спрабаваў выкарыстаць супраць цмока што-небудзь, апроч звычайнай сталi.

Раптам Конрад заўважыў, што вакол нiкога не засталося. Гадзiннiк на замкавай вежы прабiў тры разы. Час надышоў!

Конрад павольна зняў капялюш, у якiм ляжала паперка з напiсанай на ёй прамовай на той выпадак, калi раптам усе словы вылецяць з галавы. Потым ён укленчыў i сказаў:

- Найчароўнейшая прынцэса! Нарэшце надышла хвiлiна, якую я так доўга чакаў. З якiмi пачуццямi? Здагадацца не цяжка. Тыя, што прыходзiлi сюды да мяне, узносiлi табе хвалу, дык хто я такi, каб дадаць да iх словаў хоць гук? Але ж я ведаю, што ты, дарагая прынцэса, шануеш не словы, але сэрца, з якога яны сыходзяць.

У гэтую хвiлю скала расчынiлася i над Конрадам навiс цмок. Ён разявiў пашчу, з якой высунуўся доўгi чырвоны язык. Юнак адчуў на сваiм твары гарачы цмокаў подых. Словы замерлi на ягоных вуснах, але, прыгадаўшы, што ў капелюшы ляжыць напiсаная прамова, Конрад дастаў паперку i загаварыў зноў:

- Усе аднолькава кахалi цябе, але не ўсе маглi красамоўна выказаць свае пачуццi. Некаторыя казалi, што iх каханне хоць i вялiкае, але яно ўсяго толькi жолуд, якi з часам ператворыцца ў магутны дуб. Але калi я прыгадваю, што ты зрабiла для мяне: выратавала ад сумнага жыцця ў закiнутай лясной вёсцы; падняла з невядомасцi на вяршыню славы; летуценнiк зрабiўся ваяром, гультай стаў паляваць на цмокаў! - дык у мяне не хапае словаў, каб аддзячыць табе, i я не магу кахаць цябе болей, чым кахаю цяпер!

Сама нервовыя з гледачоў ужо заплюшчылi вочы. А тыя, у каго нервы былi мацнейшыя i хто не зводзiў позiрку з Конрада i з цмока, убачылi незвычайную рэч. Цмок быў нiбыта не ў сабе: ён хiстаў галавою з боку ў бок, доўгi язык лiзаў пыл каля Конрадавых ног. Конрад нязграбна выцягнуў з кiшэнi насоўку, скруцiў яе i кiнуў у цмокаву пашчу. Жывёлiна вылупiла вочы, закхэкала, завiшчала i ўжо не выглядала гэтак жудасна. Конрад падняў сякеру i наважыўся ўдарыць па цмокавай шыi. Удар быў няўмелы (не такi ўдар павiнен быў бы быць у сына лесаруба), але так цi iначай, усе ўбачылi, як з раны на цмокавай шыi пацякла цёмна-зялёная кроў.