Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 13
— Так, нос у парадку, — чулася Крушынскаму ад стала. — Язычок высалапім. Яшчэ. Дыхаць. Не дыхаць. Цяпер спіною. Выдатна! Сядзем на табурэтачку. Валёнак здымем, нага на нагу. Так.
Дзяўчынка войкнула, Крушынскі ўздрыгнуў, але не павярнуўся.
— Усё! Можаш апранацца і бегчы ў ложак. Доктар пачаў складаць у сакваяж інструменты.
Дзяўчынка забралася на тапчан і зноў закрылася коўдраю да барады. Крушынскі запытальна глядзеў на доктара.
— Выйдзем на двор, — прапанаваў той. Голас у яго быў такі, нібыта яму зараз адкрылася нейкая тайна.
На двары абодва яны закурылі. Падляцеў і пачаў ласціцца да ног Крушынскага Барс.
— А добра тут! — прамовіў доктар. — Ціха, чыста. Гэта мая даўняя мара — таксама жыць аднаму, на прыродзе… Але не магу — сям'я! Жонка хоць і памерла ўжо, але дачка ёсць, зяць, унук. Усім памагаць трэба. Дзеля іх і жыву.
— Што з дзяўчынкаю? — перапыніў гэтыя недарэчныя, нецікавыя яму аўтабіяграфічныя падрабязнасці Крушынскі.
— З дзяўчынкаю? А дазвольце пацікавіцца, хто яна вам?
Пытанне было нечаканае. Аднак Крушынскі справіўся.
— Вы што, з міліцыі? — рэзка сказаў ён. — Ці вы ўсё ж доктар? У нас з вамі якая была дамова? Ні аб чым лішнім не пытаць і нічому не здзіўляцца. За гэта я вам плачу. Зрэшты, магу і адказаць! Што тут такога? Гэта мая. пляменніца. Прыехала ў госці, пайшла адна ў лес, гуляць, ну, і заблудзілася, пасля прыхварэла крыху.
— Усё, усё! Больш чым дастаткова. Пляменніца, дык пляменніца, — ахвотна згадзіўся доктар. — Дык вось, вашая пляменніца — абсалютна здаровая дзяўчынка. Як мы з вамі. Ці, лепш сказаць, як вы — я хоць і сам доктар, але здароўя даўно не маю, як той кравец, што застаўся без ботаў.
— Вы не памыляецеся? — усхвалявана перапытаў Крушынскі.
Яму раптам так радасна стала, што яна здаровая. Цяпер ён гатовы быў забыць, што доктар несімпатычны яму; Крушынскага адразу пачалі раздражняць гэтыя бегаючыя вочкі, гэтыя смяшкі, гэтае ўвесьчаснае паціранне рука аб руку.
Доктар перахапіў яго позірк.
— Мерзнуць, — патлумачыў, — пальчаткі забыў на стале. Дык вось: у яе невялічкія, зусім бяскрыўдныя хрыпы ў лёгкіх і зноў такі невялічкая прастуда — нават грыпу няма. Абмаражэння, пра якое вы кажаце, я не знайшоў і слядоў. Хіба што, відаць, праводзілася прафілактыка?
— Я расціраў яе крыху снегам.
— Ну і добра. Хоць гэта і не рэкамендуецца, але, як кажуць, не так важныя лекі — абы памаглі! Іншае… — доктар запнуўся.
— Што?
— Прабачце, я вымушаны гэта сказаць. Вы плаціце мне немалыя грошы і я хачу адпрацаваць іх шчыра. Не хацелася б умешвацца, і таму падобнае, але мне здаецца, у Іры — Іра, яе ж так завуць?
— Доктар, бліжэй да справы!
— Што ў яе звычайнае знясіленне. Яна кепска харчуецца. Ёй не хапае элементарных вітамінаў. Потым, не крыўдуйце, яна запушчаная. Ёй трэба проста ў лазню. А таксама каларыйная ежа, чыстая пасцель, святло, цяпло, свежае паветра — словам, хоць бы нейкі перыяд нармальнага жыцця.
Крушынскі думаў аб чымсьці сваім. Доктару падалося, што ён не чуе яго апошніх слоў.
— Ёй патрэбны нармальныя ўмовы жыцця, — паўтарыў ён гучней. — Такі мой дыягназ, ён жа адначасова і рэцэпт.
Гэта Крушынскі пачуў.
— Зразумела. Дзякую. Вы і праўда вельмі харошы доктар, як мне вас і рэкамендавалі.
— Ну, дык! — расплыўся той ва ўсмешцы. — Вы яшчэ не ведаеце, дзе я працаваў, якіх людзі прайшлі пра гэтыя вось рукі.
— Пачакайце. А што ў яе з голасам? Ад чаго ў яе гэта?
— А што ў яе з голасам? — вочы ў доктара смяяліся, рукі паціралі адна адну. — Гэта абсалютна нармальная, такая ж, як мы з вамі, дзяўчынка. Яна ўсё чуе, усё бачыць, усё разумее і выдатна можа гаварыць.
— Вы жартуеце?
— Малады чалавек, — тут доктар нават пакрыўдзіся, — я больш як трыццаць гадоў меў справу з арміяй, працаваў у розных ваенных шпіталях! Пятнаццаць гадоў запар быў галоўным прыёмных камісій у ваенкаматах! Таму паверце — сімулянта мне вылічыць тое самае, як вам раз плюнуць!
— Зразумела… Яшчэ раз дзякую, доктар, — Крушынскі палез у кішэню, выцягнуў пук скамечаных грошай, адлічыў дваццаць пяць даляраў. — Вось, як і дамаўляліся…
— Прыемна мець справу з такім, як вы!
Доктар грошы пералічыў, разгладзіў, склаў акуратна і схаваў беражліва ва ўнутраную кішэню старэнькага паліто.
— Можна пытанне? Да вас асабіста? — ён, нахіліўшы набок галаву, уважліва разглядаў Крушынскага.
— Канечне.
— Я не мог вас дзесьці бачыць? Паклясціся гатовы, што мы сустракаліся!
— Свет цесны. Магчыма.
— Вы ў Афганістане не служылі? Крушынскі ўздрыгнуў і ў сваю чаргу ўважліва пазірнуў на доктара.
— Не! — сказаў рашуча. — Я ўвогуле… не быў у арміі.
— Гм… Значыць, памыліўся. Дый то — колькі часу прайшло!
— Многа бывае падобных людзей.
— Гэта праўда…
— Нас чакаюць, — нагадаў Крушынскі. — Чалавек з машынаю.
У хатку ўвайшлі хутка і ўбачылі, што дзяўчынка стаіць каля вакна і прымярае доктаравы пальчаткі. Злоўленая "на месцы злачынства", яна густа пачырванела, сцягнула пальчаткі і асцярожна паклала на стол.
Доктар запіхнуў іх у кішэню:
— У «масквічы» цёпла, — ён узяў сакваяж.
У дзвярах павярнуўся і падміргнуў дзяўчынцы:
— Ну, шчасліва! Папраўляйся і не хварэй больш.
Крушынскі пайшоў правесці яго. Стась стаяў каля машыны, задуменна, па-філасофску сузіраючы наваколле. Мабыць, і яму падабалася тут. На твары яго напісана было, што ён удзячны свайму падазронаму барадатаму пасажыру, які нечакана аб'віўся раптам ранняй раніцаю ў тлумным горадзе, выбраў менавіта яго някідкі «масквічок», развеяў яго, Стасевую, падазронасць, ды яшчэ і выцягнуў яго у гэты прыгожы, ціхі, утульны куточак, даў магчымасць супакоіцца, падумаць, падыхаць свежым паветрам — хай сабе і ненадоўга.
Крушынскі аддаў яму пяцьдзесятку.
— Дзякую.
— Гэта табе дзякуй! За тое, што… Зрэшты, сам разумееш!
Крушынскі павярнуўся, каб ісці, Стась паклікаў яго:
— Пачакай!
Нырнуў у машыну. Паказаўся зноў — з пустым пачкам з-пад цыгарэт, на якім штось было запісана.
— Нумар майго сотавіка. Звані, калі будзеш у Мінску. Я заўсёды твой.
Крушынскі падзякаваў.
На шашу, ужо ведаючы збольшага дарогу, «масквічык» выграбся хутка.
— Дзіўны чалавек! — сказаў Стась доктару, усё яшчэ думаючы пра Крушынскага.
Доктар не абазваўся. Ён быў задуменны. Потым прамовіў — ці то да Стася, ці то самаму сабе:
— І ўсё ж яго недзе бачыў!
А калі — цяпер ужо злева — прамільгнуў паласаты слуп указальніка, доктар аж уздрыгнуў, ледзь шыю не скруціў, на гэты слуп азіраючыся.
— У вас блакноцік — можна, калі ласка? І ручку.
Стась адчыніў бардачок, падаў. Скасіўшы вочы, ўбачыў, што доктар запісвае — «Вялікая Паляна, 4 км». Стасю здалося, што ў доктара падрыгваюць рукі.
Раздзел X
Сімулянтка. — Гісторыя Вікі. — Недавер Крушынскага. — Разгубленасць яго. — Нядобры план.
Крушынскі, гучна ляпнуўшы за сабою дзвярыма, увайшоў у хатку.
На душы ў яго адбывалася штось незразумелае. З аднаго боку ён адчуваў дзіўную палёгку, проста гара з плеч звалілася, калі пачуў, што дзяўчынка зусім здаровая. З другога — яму было прыкра, што яго, дарослага, разумнага, вопытнага мужчыну так абвялі вакол пальца. Галоўнае, ён не разумеў, навошта дзяўчынцы гэта?
Прыкрасць была і ад таго, што ён ноч не спаў, перажываў за яе, што паўдня прайшлі ў дарэмнай беганіне, клопатах, «разборках» — асабіста яму зусім непатрэбных; і што ён вымушаны быў прывесці сюды чужых людзей, якія зрабіліся міжвольнымі сведкамі ўсяго.
Крушынскі прысеў на табурэт і моўчкі пачаў пазіраць на дзяўчынку. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што сумленне прачнецца ў ёй і яна першая пачне размову. Але яна вытрымала гэтую цяжкую паўзу. Толькі што пазірала не на Крушынскага, а ўбок кудысьці. Рукі яе нервова церабілі коўдру, насунутую па бараду.
Крушынскаму нічога не заставалася, як пачынаць самому.