Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч. Страница 38
— Што-то вы тут, ойча Леанард, — сказаў і зноў здзівіўся гэтаму прыемна-лісінаму выразу на разумным твары.
— Думаць тут люблю.
— Казані складаць?
— Часам складаць казані, — сказаў «яшчэ адзін падазроны». — Адпачываць.
«А каб цябе, — думаў я, — тыпова евангельскі тып, які не пераносіць хлусні і несправядлівасці».
Шмат чаму нядобраму навучыла і мяне гэтая справа: недаверу да ўсіх без выключэння людзей.
— І хады ведаць?
— І хады… Вы вячэралі сёння? Не? То хадзем да мяне.
…У плябаніі ксяндзу належала — я не ведаю, колькі там — пакояў. Мы сядзелі ў адным, цнатліва бялюткім, з мноствам розных статуй на сценах (часцей за ўсё кірмашовых, гіпсавых, як сучасныя кітайскія бажкі, размаляваных у ружовае і блакітнае, але часам і старых, драўляных, пабітых часам, з даўняй патрэбай у рэстаўрацыі). А на стале быў абрус-самакорм (бо не сам жа Жыховіч зрабіў усё гэта і гарачым падаў на стол). Тут табе і карп, запечаны ў цесце, і траўнічак анісавы, і «тапелец», што кіпеў у масле (усе старыя беларускія стравы, ледзь не з першай нашай кухарскай кнігі, «гаспадыні літоўскай»), і «пакаштуйце гэтае варэнне са сцяблін аеру, самая ніжняя частка».
І на ўсё гэтае гарганцюарства прымільна глядзеў вялікі чорна-белы (а вушы «страшэнна падобныя на локаны Наталлі Ганчаровай з партрэта Гаў», як сказаў ксёндз) спанель Ас.
Ас па-расейску «ас», па-нашаму — нічога, а па-польску «туз». Жыховіч паклаў яму цукар на нос і загадаў цярпець. Шагрэневая цюпка пакутліва моршчылася, ледзь не плылі з вачэй слёзы. І ксёндз злітаваўся:
— Ас! Міліцыя!
Пёс падкінуў цукар у паветра, схапіў яго і, падціснуўшы хвост, кінуўся пад ложак.
— Ну а калі сапраўды міліцыя? — засмяяўся я.
— У такую гульню пры ёй? Н-не-е… Ану, траўнічку.
Ас вылез з-пад ложка і зноў аблізаўся.
— Ведаеце, што мне прыйшло ў галаву? З Шаўчэнкі.
— Ведаю, — падумаўшы, сказаў ксёндз. — Як дзеці на вялікдзень на саломе хваліліся. Таму бацька чобаты справіў. Той маці хустку купіла… «А мені хрещена мати лиштву вишивала».
— Правільна, — «А я в попа обідала» — Сирітка сказала».
— Но, то чаму «папу» і праз сто год з гакам не накарміць «сіротку» абедам? Думаеце, я не бачу, як вы на мяне ў «век ракет і атамаў» глядзіцё? Праз «хады» і «таямніцы».
— Я не гляджу.
— То ж бо. І хаця апраўдвацца ні перад кім не хачу — перад вамі чамусьці хочацца. Адчуваю нешта.
— Не трэба апраўдвацца.
Жыховіч задумаўся. Нават твар ягоны абвіснуў, пацяжэў.
— Асаблівай ахвяры ў гэтым маім учынку не было. Мне і дагэтуль сорамна, што я паднёс царкве нягодны дар, але гэта праўда, ахвяры не было.
Рука яго гладзіла вушы Аса.
— Быў я дужа рэлігійны. Больш, чым зараз. І ў вайну быў упершыню закаханы. І — рэч амаль несумяшчальная — быў у падполлі… Яе схапілі, як я раніцай пайшоў па цыгарэты… Курыце… Пасля вайны я стаў ксяндзом… Асаблівай ахвяры не было.
…Я брыў ад яго і думаў, што сапраўды мы ўсе атручаныя бойкай. Магчыма, вар'яты. Але адкуль я ведаў, хто, што і як. Хаця б той ксёндз Жыховіч.
А меў вечар трагікамічную развязку. Досыць цяжкую і досыць камічную. Я прыйшоў у сваю бакоўку і заваліўся спаць. Досыць рана. І нават у сне адчуваў, як у мяне баліць галава. Нешта з ёю ў апошні час рабілася. Усё больш небяспечнае.
Сон быў таксама цяжкі. Тая самая галерэя, на якой тады бачыў я цені. Малады бялявы напаўхлопец-напаўмужчына (высокі, магутныя мускулы і дзіцячыя вочы, такія сінія, як рэдка бывае нават на гэтай зямлі). Маладая жанчына, чамусьці вельмі падобная да Сташкі.
— Я не магу, — шапацела яна. — Ён выдаў нас, выдаў сяброў, выдаў цябе.
— Не толькі выдаў, — кінуў ён. — Прыбраў усё майно паўстання. Як ты магла калісьці пайсці з ім?
— Я тады не ведала цябе. І я не ведала, што ён можа…
— Ён можа яшчэ і атрымаць ад караля трэць за выдачу сяброў, гэты знатнік*, — прагучаў глухі, але прыемны голас, і я ўбачыў, што да іх падыходзіць дужа худы і высокі, светлавалосы чалавек.
* Знатнік — багаты, уплывовы.
Тут я здагадаўся, што гэта Грыміслаў Валюжыніч, ініцыятар «удару ў спіну», жонка Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага Ганна-Гардзіслава і дойлід касцёла, вежы якога, адзетыя рыштаваннямі, ужо ўзвышаліся над мурамі вонкі.
— Гэты ісцінстваваць* не будзе, — сказаў Грыміслаў. — Для яго ёсць дзве очыны**. Адну ён прадасць, але за другую зубамі будзе трымацца, глоткі грызці за свае скойцы***.
* Iсцінстваваць — гаварыць праўду.
** Слова «очына» мела два сэнсы: а) бацькі, продкі; б) маёрат, маёмасць.
*** Скоец — манета.
— Родныя, — сказаў дойлід, — ён усё аднекуль ведае пра вас. І таму ўцякайце. Пакуль не позна. І вазьміце з сабою альмарыюм* з грашыма. Яны не належаць яму. Яны — людскія, вашы. Тых, што ўсталі. Уцякайце. Сядайце недзе на Нёмане на окрут** і некуды ў немцы. Пасля вернецеся, калі зноў прыйдзе ваш час, калі трэба будзе купляць зброю. Здрадны род. Што продак Пятро, які князя Слуцкага выдаў, што гэты.
* Альмарыюм — скрыня, радзей шафа.
** Окрут — карабель.
— Што, коні ёсць? — спытала жанчына.
— Ёсць коні, — сказаў Грыміслаў. — Ключаюся* з табою, дойлід. Але столькі рэмняў** золата, столькі каменняў, столькі сажоных*** тканей — хіба іх павязеш у саквах?
* Ключацца — падыходзіць, быць вартым. Тут у сэнсе згаджацца.
** Рэмень — мера вагі.
*** Сажоны — вышыты каштоўнымі каменнямі.
— Бярыце частку. Астатняе перахаваем тут.
— Я не хацеў, — сказаў Валюжыніч. — Але зэлжыў* ён самае наша беларускае імя.
* Зэлжыў — зняславіў.
— І няхай застанецца ні з чым, — жорстка сказала жанчына. — Без мяне і без скарбаў. Такі пакон*. І няхай нас адтамталя дастане, акрутны, апаёвы псарэц**. У яго свая судба***, у нас — свая. А табе, вялікі дойлід, дзякуй ад нас і ад бога.
* Пакон — закон, наканаванне.
** Акрутны — жорсткі, люты. Апаёвы — запойны. Псарэц — псяр.
*** Судба — суд, прысуд, правасуддзе, прадвызначэнне.
— Дзякуй скажаце, як усё скончыцца добра.
…І вось падае ўжо на толькі што засыпаную яму вялізны спілаваны дуб (дзе я чытаў пра такі спосаб захаранення скарбаў? — адзначае ў сне падсвядомасць), і вось ужо й следу няма, і ноч вакол.
…І вось ужо рвуцца ў ноч, прэч ад муроў замка дзікім лесам два коннікі. У аднаго пры боку доўгі меч, у другога, меншага, корд. Зніклі. Але праз некаторы час у нехлямяжых вежах чорнага гмаху замільгалі агні, забегалі па галерэях. Шматгаловая конска-чалавечая маса закішэла, заклубілася ў двары. З бязгучнасці нарастаў, рабіўся нясцерпным пагрозлівы гук.
І вось худы чалавек падымаецца па рыштаваннях вежы касцёла. Стаіць і глядзіць у бок бязмежных лясоў, дзе недзе далёка — Нёман. І тут прагная растапыраная пяцярня штурхае яго ў спіну, і ў вачах непаразуменне… Імкліва набліжаецца зямля.
І гэта ўжо нібы не ён, а я падаю, як некалькі год назад са скалы на Карадагу (дзіва і ўласная кемлівасць тады ўратавалі мяне ад непазбежнага, — адзначае падсвядомасць).
Гэтага дзіва не ўратавала. Я зноў гляджу зверху. І ён, маленькі зверху, ляжыць на зямлі, як лялька… Зноў я ўнізе. Над трупам стаіць каржакаваты чарнявы чалавек. Вузкія вочы. Жорсткі прыкус вялікага рота. Срэбратканая чуга падае шырокімі складкамі. А насупраць яго досыць ужо летняя жанчына ў чорным.
Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі і ягоная сястра.
— Пакладзіце ў корсту, у мёд, — горка кажа жанчына. — І ў Кладна да бальзаміроўшчыка.
— Ты, можа, і ў касцёле яго пакладзеш?
— Не толькі пакладу, але й піжмом* удастою. Ён рабіў — яму і ляжаць.
* Піжмо — мускус.
— Ну ясна, вы ж размілаваліся. А тое, што ён спраўца* таго, што яны дабро маё паплюндравалі, што ў зэшлым часе** продак Пятро здабыў, што я здабыў?
* Спраўца — вінаваты, зачыншчык.
** Зэшлы час — стары час.
— Здрадай вы яго здабылі. Зэлжылі імя беларускае, імя Альшанскіх. І шкада мне толькі, што я ў зэшлыя часы не магла прыдушыць яго ў калысцы. І цябе таксама. Бо малодшая была. І гэта наша агульнае валоданне, каго хачу, таго і кладу. І контарфект* над труною яго, беднага, несвоечасова павешу. І проўсты** над ім месяцамі спяваць будуць, каб узрадавалася ягоная душанька.