Палескія рабінзоны - Мавр Янка. Страница 12
– Набіраць ваду і піць не перашкаджае, а разам з гэтым маем міску з накрыўкай.
– А ці нельга будзе ў ёй гатаваць ваду? – запытаўся Віктар. – Вельмі хочацца якога-небудзь чаю ці юшкі.
– Мусіць, нельга, бо яна рагавая і павінна смаліцца. Пачакай! – схамянуўся Мірон. – Мы ж можам мець чай, нават салодкі!
– Адкуль?
– Ды сок бярозавы!
– І як гэта нам раней у галаву не прыйшло! – пляснуў сябе па лбе Віктар. – Нават з бяросты можна было зрабіць пасудзіну для вады. Ах мы, дурныя!…
– Гэта ўжо такі закон чалавечага развіцця, – важна сказаў Мірон. – Спачатку ўся ўвага аддаецца на самыя галоўныя, першачарговыя патрэбы, а потым ужо чалавек можа падумаць пра іншае.
Сонца схілялася на захад.
– Пойдзем, паставім нанач нашу чарапаху, каб заўтра мець чай, – сказаў Мірон.
Пайшлі, выкалупалі ў бярозе дзірку. Але як падставіць сваю пасудзіну, калі яна з накрыўкай?
Мірон уціснуў у дзірку галінку, а другі канец прасунуў у чарапаху.
– Хоць і марудна пойдзе і прападзе частка соку, але да раніцы набярэцца, – сказаў ён.
Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу.
– Што гэта такое? – здзівіўся Мірон. – Ні птушка, ні кажан, ні вавёрка. Здаецца, поўсць нейкага шызага колеру. Ну, спец, растлумач.
Жывёла нязграбна поркалася ў вілаваціне бярозы. Віктар прыгледзеўся.
– Гэта ляцяга, або лятучая вавёрка, – сказаў ён нарэшце. – Хоць яна і значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень яна звычайна сядзіць у сваім гняздзе.
– Колькі тут рознага звяр'я, якога нават і не ведаеш, – паціснуў плячыма Мірон.
– Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, – сказаў Віктар, – тады і нам не прыйшлося б тут сядзець.
– Чаму так?
– Вельмі проста. Калі тут многа звяроў, значыць, рэдка бываюць людзі, значыць, дабрацца сюды цяжка… А таксама і выбрацца, – дадаў Віктар.
«Крэ-крэк», – пачуўся недзе голас драча.
– І ён тут! – здзівіўся Мірон. – Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.
– Гэта, мусіць, падарожны, – аўтарытэтна сказаў Віктар. – Відаць, толькі што прыйшоў з Афрыкі.
– Як гэта «прыйшоў»? – здзівіўся Мірон.
– Ды прыпёр пехатою і ўсё.
– З Афрыкі?
– Але.
Мірон зарагатаў.
– Ты не рагачы, я кажу сур'ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца, калі на дарозе вада ці іншая перашкода.
Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода.
– Усё было б нішто, – казаў Віктар, калі яны паляглі ў сваёй будцы, – але накрыцца няма чым. Уначы халаднавата бывае.
– Затое гэта прымушае вылазіць і падтрымліваць агонь, – адказаў Мірон. – А іначай ён калі-небудзь можа і загаснуць.
IX
Салодкі чай. – Лекцыі Мірона. – Важная пані. – Драпежнік на рыбалцы. – Арэна для бойкі. – І змяя спатрэбілася. – Байцы ў палоне.
Раніцою пайшлі па «чай». Чарапашына была поўная, нават праз верх палілося. З якой прыемнасцю выпілі свежага салодкага соку!
– Адразу, здаецца, адчуў сябе мацней, – заўважыў Віктар.
– Яно так і павінна быць, – сказаў Мірон. – Тут ёсць цукар, які карыснейшы за мяса. Яго якраз і не хапала для нашых арганізмаў. Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы.
– Во! Гэта дарэчы! – перакруціўся на адной назе Віктар. – Я ўжо адчуваю сябе больш разумным і гатоў зараз жа распачаць культработу сярод тутэйшых жыхароў – зайцоў, вожыкаў, чарапах.
– Па тваёй балбатні не відаць, каб ты зрабіўся больш разумным, – упікнуў Мірон, але Віктар не пакрыўдзіўся.
Паставілі чарапашыну на месца і накіраваліся да сваёй рыбнай гаспадаркі. Дарога была знаёмая, ішла галоўным чынам уздоўж берага, звяроў тут хлопцы не чакалі, таму маглі больш увагі звярнуць на некаторыя цікавыя расліны, якіх да гэтага часу не заўважалі. Прыйшоў чарод Мірону паказаць свае веды.
Ужо праз сотню крокаў Віктар зацікавіўся высокай хвояй з шараватаю гладкай карою і шызымі ігламі.
– Што гэта такое? – запытаўся ён. – Здаецца, ні сасна, ні елка.
– Ельніца, – адказаў Мірон. – Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія дзве сінявата-белыя палоскі. Шышкі падобныя да яловых, але больш тупыя.
– Дык яны ж растуць у Сібіры! – здзівіўся Віктар.
– А вось, бачыш, ёсць і ў нас. А сібірская ельніца і росту меншага, і іглы і шышкі напалову меншыя.
Мірон быў задаволены, што выявіў столькі ведаў, але праз некаторы час ён апынуўся ў досыць непрыемным становішчы. Яны натрапілі на невялікае дрэва з нейкім дзіўным лісцем: не то хваёвыя іглы, не то звычайныя вузкія лісцікі. Дзве паловы ліста складалі нібы жалабок, а каля ліставой пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі.
– А гэта якое дрэва, хваёвае ці ліставое? – запытаўся Віктар, упэўнены, што Мірон ведае.
Мірон пачаў яго разглядаць, але не мог прыпомніць.
– Гэта, гэта… – мармытаў ён і напружваў памяць.
– Эх ты, спец! – насмешліва сказаў Віктар.
– Ціс! – выпаліў Мірон. – Ведаю! Паўднёвая расліна, але належыць да хваёвых. Лісце атрутнае. Само дрэва вельмі моцнае. Вось з чаго нам трэба было б зрабіць лук! Не ведаю, як тут, а ў іншых месцах ціс можа жыць дзве тысячы гадоў.
– Ого! – крыкнуў Віктар. – І заўсёды такі маленькі?
– У іншых месцах вырастае нішто сабе, але наогул дрэва невялікае. Тут яно вельмі рэдка сустракаецца; бывае яшчэ ў Белавежскай пушчы. А далей на ўсход няма…
– Малайчына! Вытрымаў экзамен! – пляснуў яго Віктар па плячы.
Праз некаторы час звярнулі ўвагу яшчэ на адно невялікае хваёвае дрэва з маленькімі зялёненькімі ігламі, якія раслі паасобнымі мяцёлкамі. Віктар зацікавіўся ім.
– Глянь. Здаецца, нібы іглы ўсе маладыя, толькі што пачынаюць расці.
– Так яно і ёсць. Гэта – лістоўніца. Яна на зіму скідае свае іглы.
– Якая яна нікчэмная!
– Яна любіць горную камяністую глебу. Але ў некаторых месцах і ў нас добра расце. Яе часта ў нас штучна разводзяць.
Потым Мірон спыніўся каля травы з зубчастым, складаным лісцем. На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі.
– Раю заўважыць гэтую расліну, – са смехам сказаў Мірон, – табе яна можа спатрэбіцца.
– Чаму ж так мне?
– А вось калі пачнеш гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Гэта – валяр'ян.
– Глядзі, брат, каб табе не спатрэбілася, а я абыдуся, – адказаў Віктар.
– Каб назбіраць болей, то можна было б і скарыстаць. У аптэках ахвотна бяруць. Ды і наогул цяпер у нас усюды купляюць лекавыя расліны.
– У такім разе пачнём збіраць.
– Вось прыгледзімся спачатку, што яшчэ можна тут знайсці.
І ён больш пільна пачаў прыглядацца навакол. Але не на кожным кроку растуць лекавыя расліны. Да таго ж, было яшчэ рана, не ўсе расліны распусціліся як след, яшчэ менш цвілі.
Таму асабліва кінулася ў вочы, калі праз некаторы час яны заўважылі на спадзе, пад аховай дрэў, купку не то травы, не то кустоў з вялікімі прыгожымі залаціста-жоўтымі кветкамі. Падышоўшы бліжэй, хлопцы ўбачылі, што некаторыя сцяблы дасягаюць двух метраў вышыні. Лісце было прадаўгаватае, тоўстае, нібы тлустае. Ад кветак ішоў моцны пах. Усё гэта рабіла ўражанне, нібы расліна гэтая з'яўляецца тут нейкім госцем.
– А гэтая штука досыць цікавая! – прамовіў Віктар і пачаў кратаць кветкі і лісце. – Нібы нейкія там фікусы ці рададэндраны – ліха іх ведае, – што часам трымаюць у пакоях, у гаршках. Ды і пах такі, што можна адурэць.
Мірон жа, здавалася, глядзеў на расліну з нейкім хваляваннем.
– Так, – сказаў ён нарэшце. – Гэта – азалія, або, як кажуць у народзе, «божае дрэўца». Чытаў пра яе і нават дзівіўся, чаму гэта яе так паважаюць. Наш прафесар Адамаў нават спецыяльна ездзіў у нейкі кут Беларусі, каб паглядзець на яе і даследаваць. Апісаў падрабязна: і якія суседзі каля яе растуць, і якое дрэва, і якім клінам яна размясцілася, і які каменьчык знаходзіцца пад ёй. А ўрэшце ўзняў хадайніцтва, каб агарадзіць і абараніць яе.