Палескія рабінзоны - Мавр Янка. Страница 14
Цяпер ужо спажывы было дні на чатыры. Але зноў бяда: як яе захаваць, каб не папсавалася?
– Давай склеп рабіць, – не то жартам, не то сур'ёзна сказаў Віктар.
– Галоўнае не ў склепе, а ў солі, – адказаў Мірон.
– Тады давай сушыць на сонцы ды вэндзіць мяса, як гэта робяць іншыя ў такіх выпадках.
– Гэта было б добра, але як разрэзаць яго на тонкія лустачкі?
– Ну, тады давай будаваць клетку, – сыпаў прапановы Віктар.
– А! – сцяміў Мірон. – Гэта ўжо іншая рэч. І сапраўды: цецерукі былі жывыя, значыцца, лепш за ўсё было захоўваць іх жывымі.
– У такім разе, пакуль ёсць рыба, мы абодвух будзем гадаваць, – сказаў Мірон, – а дзеля гэтага зробім маленькі хлеўчык.
– Нават і не надта маленькі, бо, можа, і яшчэ завядзецца якая жывёліна, напрыклад, дзікае парася, заяц, медзведзяня.
– Карова, авечка! – перадражніў Мірон.
Як бы там ні было, а катушок будаваць трэба. Так парашылі хлопцы. І лепш за ўсё было прыбудаваць яго да шалаша. Тут яшчэ раслі кусты, з якіх можна было зрабіць «зруб». Форма будынка залежала не ад будаўнікоў, а ад таго парадку, у якім раслі кусты. Але гэта нічога не абыходзіла. У параўнанні з хатай пабудова катуха была ўжо лёгкай справай, і не болей як праз гадзіну ён быў гатовы.
Найбольш сур'ёзным аказалася пытанне з дзвярыма. Рабіць і прыстасоўваць так, каб яны зачыняліся і адчыняліся, без нажа было цяжка і марудна.
– Дык і не трэба турбавацца! – сказаў нарэшце Мірон. – Пасадзім і запляцём іх зверху. Калі трэба будзе, распляцём і выцягнем.
– А што ты будзеш рабіць з большымі жывёламі? – сур'ёзна сказаў Віктар.
Мірон зірнуў на яго, не разумеючы, жартуе той ці не, і сказаў:
– Ну, калі трапіцца цяля ці авечка, тады пабудуем хлеў з бярвенняў, на завесах, з замком.
– А чым карміць гэтых цецерукоў?
– Ды почкамі, маладым лісцем.
Такім чынам у іх гаспадарцы завялася першая жывёла.
Цяпер самым балючым пытаннем пасля нажа застаўся гаршчок. Гэтулькі дзён яны не елі нічога гарачага, калі не лічыць рыбы і мяса.
– Не, трэба ісці шукаць гліны! – рашуча сказаў Віктар. – Гэта ж сорам не знайсці такога дабра!
– Ты не кажы пра яе з такой знявагай, – сказаў Мірон. – Мы прывыклі так на яе глядзець толькі таму, што яе ў нас шмат, ды мы яе не выкарыстоўваем як належыць. На ёй можна развіць вытворчасць цэглы, чарапіцы, падземных труб. Хай замест драўляных дамоў усюды будуць камяніцы; хай замест саламяных і нават іржавых жалезных дахаў усюды будуць чарапічныя; хай усюды будуць пракладзены трубы для вады, каналізацыі, асушкі зямлі – і тады ўбачыш, што такое гліна.
Узялі на плечы свае дубіны і пайшлі. У Віктара аж рукі свярбелі, калі ён браў сваю «вожыкавую булаву».
– Эх, каб трапіць на якога добрага ворага! – казаў ён.
– Не надта рызыкуй, – стрымліваў Мірон. – Не думай, што твае калючкі небяспечныя для ўсіх.
Бліжэйшыя месцы былі ім ужо знаёмы, таму яны накіраваліся глыбей у лес. Пасля змрочнага бору, бадай што аднолькавага ва ўсе поры года, яны выйшлі ў шырокую сонечную зялёную лагчыну. Трава тут ужо вырасла настолькі, што хоць касі яе. Бяроза, альха, арэшнік, крушына шамацелі сваімі лісцямі, як улетку. То тут, то там над імі ўзвышаліся дубы, ліпы або адзінокія сосны з шырокімі верхавінамі. Здавалася, і сонца тут грэе мацней, чым там, на беразе.
Хоць нашы хлопцы і не думалі любавацца прыродай, але мімаволі спыніліся перад такім хараством і моўчкі пачалі азірацца. А праз некалькі хвілін пачулі, што ў кустах нехта… папярхнуўся і закашляўся. Сэрцы таварышаў моцна закалаціліся.
– Чалавек?!
Яны кінуліся ў той бок і… выгналі лёгкую прыгожую казулю.
– Няўжо гэта яна кашляла? – з крыўдай спытаў Мірон.
– А то хто ж? – панура адказаў Віктар, нібы ён быў вінаваты ў гэтай памылцы.
На некаторы час настрой хлопцаў быў сапсаваны…
Доўга яны блыталіся па лесе, заглядалі ў кожны куток, спуджвалі сваіх знаёмых суседзяў. Зноў бачылі дзіка і зноў пастараліся схавацца ад яго, хоць Віктар і гатоў быў уступіць з ім у бойку.
– Наогул я лічу, – разважаў ён, – што дарма кажуць і пішуць пра ўсялякія лясныя жахі. Вазьмі ты хоць гэтага дзіка: свіння і толькі, і нічога жудаснага няма, нават сам баіцца нас.
– Ты ж ведаеш, што і леў і тыгр ухіляюцца людзей, але ж ніхто не скажа, што яны не небяспечныя, – даводзіў Мірон.
Аднаго разу з кустоў выбегла і спынілася, задраўшы галаву, новая жывёла.
– Ці не сабака? – усцешыўся Мірон.
– Не, воўк! – адказаў Віктар і мацней сціснуў сваю булаву.
Воўк ляснуў зубамі і знік.
– Вось з гэтым дык мы маглі б справіцца са сваімі дубінамі, – сказаў Віктар. – Шкада, што ён не напаў на нас. Яны нападаюць толькі тады, калі іх шмат.
Нарэшце хлопцы натрапілі на адзін абрыў, дзе з-пад пяску відаць была гліна. Накапалі яе і пайшлі назад.
Па дарозе зацікавіліся адной нарой.
– Мусіць, лісіная, – заўважыў Мірон.
– Мабыць, так, – сказаў Віктар, прыглядаючыся да нары і слядоў, – але штосьці яна крыху завялікая. Пашукаем навокал другіх выхадаў.
І сапраўды, у розных месцах знайшлі яшчэ тры выхады.
– Вернемся сюды і паспрабуем выкурыць яе дымам, – прапанаваў Віктар. – Адзін стане каля аднаго выхада і будзе пільнаваць, другі будзе выкурваць праз другі выхад, а рэшту завалім.
– Добра! – згадзіўся Мірон.
Аднеслі гліну і зараз жа вярнуліся да гэтага самага месца з агнём.
Каля ніжэйшай, шырокай дзіры падрыхтавалі вогнішча, для ліса пакінулі самы далёкі выхад, а рэшту засыпалі і запхалі ламаччам.
– Пачакай, – сказаў Віктар. – Трэба добра пашукаць, бо могуць яшчэ быць выхады. Тады ўся наша праца будзе дарэмнай.
Пасля доўгага стараннага шукання сапраўды знайшоўся яшчэ адзін выхад.
– Ну, цяпер можна пачынаць, – сказаў Віктар. – Ты раскладай агонь, а я там буду пільнаваць.
Мірон разгроб нару шырэй, глыбей, так, каб агонь быў пад верхнім пластом зямлі, і падпаліў. Калі разгарэлася, Мірон пачаў кідаць вільготнае старое лісце, трухлявае галлё. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў усярэдзіну.
– Што рабіць? – крыкнуў ён Віктару. – Дым не ідзе ў нару.
– Нічога! – адгукнуўся той. – Частка яго трапляе! Дзьмухай!
Мірон пачаў дзьмухаць. Справа пайшла лепш: і лепш гарэла, і дым уганяўся ўсярэдзіну.
Віктар жа стаяў ля другога выхада і напружана чакаў. На ліса ён пашкадаваў сваёй булавы і ўзяў Міронаву дубіну. Доўга цягнуўся час. Усё здавалася, што вось ужо нешта там варушыцца, але нікога не было. Не так ужо шмат часу прайшло, а хлопцам пачало здавацца, што яны стаяць тут немаведама колькі. Мірон нецярпліва пазіраў у Віктараў бок. Той усё стаяў з паднятай дубінай, нібы скамянелы. Рукі яго здранцвелі.
Нарэшце сапраўды заварушылася.
Але Віктар ледзь не выпусціў дубіны з рук, калі ўбачыў замест лісінай галавы доўгую, белую морду з дзвюма чорнымі палосамі ўздоўж яе.
Тырканулася морда раз-другі – і зараз жа назад. Але вось каля яе з'явіўся маленькі дымок… Бедная жывёліна вымушана была вылазіць… Праўда, яна не бачыла ворага, бо Віктар стаяў ззаду, але ўсё роўна адчувала бяду. Віктар ужо здагадаўся, што гэта за звер, і супакоіўся: гэтая нязграбная жывёліна не паспее ўцячы, як ліс!
Жывёліна зрабіла пару крокаў наперад; паказалася спіна з шараватаю грубай поўсцю.
Віктар апусціў дубіну раз… другі… Жаласна кугікнула жывёліна свіным голасам…
– Гатова! – крыкнуў Віктар.
Мірон мігам падбег да яго.
– Што гэта такое? – вылупіў ён вочы.
– Барсук! – урачыста адказаў Віктар. – Але ж стой! Яшчэ нешта варушыцца!
З нары вылазіла двое барсучанят, якія здурнелі ад дыму. Яны былі такія мілыя, пацешныя, што хлопцам і ў галаву не прыйшло іх забіваць. Іх забралі жывымі.
– Вось табе і яшчэ жывёла для гаспадаркі! – сказаў Віктар.
– Я ж казаў, што трэба будаваць добры хлеў.
– А есці іх можна? – зараз жа запытаўся Мірон.
– Ніхто не забараняе, але звычайна іх не ядуць.
– А скура каштоўная?
– Не вельмі. За дарослага рублёў пяць атрымаць можна.