Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм. Страница 22
Паслаў бацька аднаго з хлопчыкаў да крынiцы прынесцi вады для хрышчэння. За iм пабеглi i астатнiя шасцёра. Кожнаму хацелася набраць вады для сястрычкi. Але здарылася бяда: збан упаў у калодзеж. Што рабiць? Як вярнуцца дамоў?
Бацька чакаў, чакаў сыноў, цярпенне лопнула, ён дый кажа:
- Вiдаць, хлопчыкi зноў загулялiся, а пра справу забылiся.
Ён баяўся, што дзяўчынка можа памерцi нехрышчонай i са злосцi крыкнуў:
- А каб усе вы ў крумкачоў абярнулiся!
Толькi ён вымавiў гэтыя словы, раптам чуе над галавой шум крылаў. Зiрнуў уверх, бачыць - кружаць над iм сем чорных што вугаль крумкачоў.
Зразумелi бацька i мацi сваё несуцешнае гора. Як пазбавiцца ад яго? Як вярнуць сыноў дамоў?
Адзiнай iх радасцю стала любая дачушка. Яна неўзабаве падрасла, падужэла. З кожным днём рабiлася ўсё больш прыгожай.
Доўгi час сястра не ведала, што ў яе былi браты. Бацькi пра гэта маўчалi. А прагаварылiся людзi: маўляў, дзяўчынка вiнаватая ў няшчасцi сваiх братоў.
Засмучаная дзяўчынка аднойчы спытала ў бацькi-мацi:
- Цi праўда, што ў мяне былi браты? Дзе яны цяпер?
Праўду не схаваеш, давялося расказаць дачцэ ўсё, што здарылася пасля яе нараджэння. Задумалася яна: як вызвалiць братоў?
I вось аднойчы сабралася яна потайкi ў дальнюю дарогу, каб знайсцi i вызвалiць сваiх братоў. Узяла з сабой на памяць пра бацьку-мацi адзiн iх пярсцёнак. Ды яшчэ буханачку хлеба, на выпадак калi прагаладаецца, i зэдлiчак, каб адпачыць, калi стомiцца.
Пайшла яна далёка-далёка, аж на самы край свету. Вось перад ёй само сонца. Але яно было такое спякотнае i страшнае, што дзяўчынка кiнулася ад яго наўцёкi.
Апынулася каля месяца. Але ён быў халодны, хмурны, злосны. Як убачыў падарожнiцу, прахрыпеў:
- Чую, чую мяса чалавечае.
Дзяўчынка ўцякла i ад месяца. Прыйшла да зорак. Яны былi ласкавыя i добрыя. Сядзела кожная з зорак на асобнай лавачцы. Паднялася ранiшняя зорка, дала ёй кастылёк i сказала:
- Твае браты зняволены ў Шкляной гары. Гэты кастылёк дапаможа табе.
Узяла дзяўчынка чароўную адмычку, загарнула ў хустачку, рушыла ў дарогу. Iшла яна доўга-доўга. Ды вось перад ёй - Шкляная гара. На ўваходзе - вялiзная брама на замку. Пачала яна разгортваць хустачку, каб узяць кастылёк. Зiрк - а яго няма. Згубiла падарунак добрых зорак.
Трэба ж неяк ратаваць братоў. Узяла сястрыца нож, адрэзала сабе мезенец, сунула яго ў замок i лёгка адкрыла браму. Уваходзiць яна, а насустрач карлiк.
- Дзяўчынка, ты што тут шукаеш?
- Шукаю братоў сваiх, сем крумкачоў.
- Iх няма дома. Давядзецца пачакаць.
Карлiк пачаў рыхтаваць ежу для птушак. Дзяўчынка ўзяла дый пакаштавала з кожнай талерачкi i адпiла па глыточку з кожнага кубачка. А ў апошнi, сёмы, кубачак апусцiла пярсцёнак, якi ўзяла з сабой у дарогу.
Раптам чуе ў паветры шум крылаў i свiст. Карлiк кажа:
- Гэта ляцяць дамоў крумкачы.
Вось прыляцелi яны, пачалi есцi-пiць. I кажуць крумкач крумкачу:
- Хто гэта еў з маёй талерачкi? Хто гэта пiў з майго кубачка? Чалавечымi вуснамi пахне...
Дапiў сёмы крумкач да дна свой кубак, а там - пярсцёнак. Зiрнуў на яго, пазнаў пярсцёнак бацькi-мацi i кажа:
- Дай Бог, каб наша сястрыца тут з'явiлася, тады мы вызвалiмся ад чараў.
А дзяўчынка стаяла за дзвярыма. Пачула яна пажаданне, увайшла да братоў. I тут - о цуд! - крумкачы сталi зноў людзьмi. Цалавалiся яны, весялiлiся i разам дамоў вярнулiся.
РАНЕЦ, ШАПАЧКА I РАЖОК
Жылi калiсьцi тры браты. Пачалi яны ўсё бяднець i бяднець i нарэшце так згалелi, што давялося iм зусiм галадаць, - не было ў iх нават i скiбкi хлеба на пражытак. Вось яны i кажуць:
- Так жыць больш нельга; ужо лепш мы пойдзем па свеце шчасця шукаць.
Выбралiся яны ў шлях i прайшлi ўжо далёка, багата дарог i сцежак пратэпалi, але шчасця нiдзе так i не знайшлi. Вось трапiлi яны адзiн раз у дрымучы лес, а пасярод яго стаяла гара, падышлi блiжэй, бачаць - а гара ж уся са срэбра. I кажа старэйшы:
- Ну вось я i знайшоў сваё шчасце жаданае, а большага я не хачу. - Набраў ён срэбра столькi, колькi мог панесцi, павярнуў назад i дамоў прытупаў.
А двое iншых кажуць:
- Ад шчасця мы хочам большага, чым адно толькi срэбра, - i яны не ўзялi яго i рушылi далей.
Iшлi яны некалькi дзён i прыйшлi да гары, была яна ўся залатая. Спынiўся другi брат, падумаў i не ведаў, як яму быць.
- Што мне рабiць? - кажа ён. - Цi ўзяць мне золата, каб на ўсё жыццё хапiла, цi далей iсцi?
Нарэшце ён рашыўся i напакаваў усе кiшэнi золатам, развiтаўся са сваiм братам i дамоў вярнуўся.
А трэцi сказаў:
- Што мне срэбра ды золата! Не хачу я адмаўляцца ад свайго шчасця, - можа, выпадзе мне на долю што-небудзь лепшае.
Ён рушыў далей, прайшоў яшчэ тры днi i трапiў у лес, быў ён намнога большы, чым ранейшыя, i не было яму нi канца, нi краю; i не мог ён там нiчога знайсцi, каб паесцi i папiць, i пачаў ужо з сiлы выбiвацца.
Тады ён залез на высокае дрэва - паглядзець, цi не будзе вiдаць зверху, дзе таму лесу мяжа; але куды ён нi глядзеў, бачны былi адны толькi вяршалiны дрэў. Тады ён спусцiўся з дрэва, але яго мучыў голад, i ён падумаў: "Ах, калi б паесцi мне яшчэ хоць разок". Толькi ён злез з дрэва, бачыць, што стаiць пад дрэвам стол, i на iм пастаўлены розныя стравы, i падымаецца ад iх пара.
- Ну, на гэты раз, - сказаў ён, - маё жаданне споўнiлася своечасова, - i, не цiкавячыся, хто гэта прынёс ежу, хто яе прыгатаваў, ён сеў за стол i еў з апетытам, пакуль не наталiў голад.
Скончыў ён есцi i падумаў: "Шкада, што такi добры абрус прападае тут у лесе", - згарнуў яго i сунуў у кiшэню.
Ён пайшоў далей, i надвячоркам, калi зноў адчуўся голад, яму захацелася выпрабаваць свой абрус. Вось разаслаў ён яго i кажа:
- Хачу, каб ты быў зноў увесь застаўлены смачнымi стравамi.
I толькi вымавiў сваё жаданне, як паявiлася на абрусе мноства талерак з цудоўнейшымi стравамi, колькi месца хапiла.
- Цяпер я бачу, - сказаў ён, на якой кухнi гатуюць мне ежу; ты мне даражэй, чым цэлая гара срэбра i золата. - Ён зразумеў, што гэта абрус-самабор.
Але каб вярнуцца дамоў спакойна, абруса-самабора яму было мала: яму хацелася павандраваць па белым свеце i паспрабаваць шчасця. Сустрэў ён неяк вечарам у дрымучым лесе мурзатага вугальшчыка; той абпальваў вугаль, i варылася ў яго на вячэру бульба.
- Добры вечар, чорны дрозд, - сказаў ён, - як ты тут адзiн жывеш-пажываеш?