Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм. Страница 42
I вось роўна ў поўнач прыйшлi ў пакой маленькiя чалавечкi. Селi яны за шавецкi стол, узялi сваiмi маленькiмi пальчыкамi накроеную скуру i пачалi шыць.
Яны так жвава i хутка тыкалi шыламi, шылi ды пастуквалi малаткамi, што шавец ад здзiўлення не мог адарваць ад iх вачэй. Яны працавалi да таго часу, пакуль не пашылi ўсе боты. А калi апошняя пара была гатова, саскочылi чалавечкi са стала i адразу знiклi.
Ранiцай жонка кажа мужу:
- Маленькiя чалавечкi зрабiлi нас багатымi. Трэба i нам зрабiць для iх што-небудзь добрае. Прыходзяць чалавечкi да нас па начах, адзення на iх няма, i, напэўна, iм вельмi холадна. Ведаеш, што я прыдумала: пашыю я кожнаму з iх куртачку, кашульку i штонiкi. А ты iм боцiкi змайструй.
Выслухаў жонку муж i гаворыць:
- Добра ты прыдумала. Вось жа яны, мусiць, абрадуюцца!
Аднойчы вечарам паклалi яны свае падарункi на стол замест выкраенай скуры, а самi зноў схавалiся ў кутку i пачалi чакаць маленькiх чалавечкаў.
Роўна ў поўнач, як заўсёды, прыйшлi ў пакой маленькiя чалавечкi. Яны скочылi на стол i хацелi адразу ж узяцца за работу. Але глядзяць - на стале замест скроенай скуры ляжаць чырвоныя кашулькi, касцюмчыкi i стаяць маленькiя боцiкi.
Адразу здзiвiлiся маленькiя чалавечкi, а пасля вельмi абрадавалiся.
Хутка-хутка адзелi свае прыгожыя касцюмчыкi i боцiкi, затанцавалi i заспявалi:
- Славiм мы ўборы хорам
Болей нечага тужыць!
Рады мы сваiм уборам
I не будзем боты шыць!
Доўга спявалi, танцавалi i скакалi цераз крэслы i лаўкi маленькiя чалавечкi. Потым яны знiклi i больш ужо не прыходзiлi шыць боты. Але шчасце i ўдача не пакiдалi з таго часу шаўца праз усё яго доўгае жыццё.
ШЭСЦЬ СЛУГ
Даўным-даўно жыла старая каралева. Была яна вядзьмарка. А дачка яе прыгажуня на ўвесь белы свет. Але яна пра яе мала клапацiлася. Усё болей пра сваё вядзьмарства.
Прыходзiць, напрыклад, да дачкi жанiх. А яна яму свае заданнi дае. Хлопец дзеля нявесты пагаджаецца, а таго не ведае, што заданнi ў старой каралевы вядзьмарскiя, iх нельга выканаць. Вось i ставiлi смельчакоў на каленi, адсякалi iм галовы.
Пачуў адзiн каралевiч пра незвычайную прыгажосць дзяўчыны, кажа свайму бацьку:
- Дазвольце мне схадзiць у сваты да прыгажунi.
- Я не магу табе дазволiць, - адказаў кароль. - Калi пойдзеш туды, то назад ужо не вернешся.
Пасля гэтага каралевiч моцна захварэў. Праляжаў у ложку ажно сем гадоў. Нiводзiн лекар не мог яго вылечыць. Зразумеў бацька, што сын жыве адной надзеяй, i з сумам у сэрцы сказаў:
- Адпраўляйся да прыгажунi i паспрабуй шчасця. Я бяссiльны табе дапамагчы.
Як пачуў гэта каралевiч, падняўся з ложка, адчуў сябе здаровым. Весела рушыў у шлях-дарогу.
Ехаў ён на канi цераз пустку, бачыць, ляжыць у полi як бы вялiкая капа сена. Пад'ехаў блiжэй i вачам сваiм не паверыў. Там ляжаў вялiзны чалавек. Пуза ў яго было падобна на невялiкi пагорак. Убачыў таўстун вандроўнiка, падняўся ў поўны рост, кажа:
- Калi вам патрэбен слуга, вазьмiце мяне з сабою.
Каралевiч засумняваўся:
- Ды што мне з такiм цельпуком рабiць?
- О, - сказаў таўстун, - гэта што, вось калi я раздзьмуся ва ўсю моц, то стану ў тры тысячы разоў таўсцейшым.
- Калi так, - пагадзiўся каралевiч, - ты мне спатрэбiшся. Iдзi за мной!
Пайшоў таўстун за каралевiчам. Праз нейкi час сустрэлi яны яшчэ аднаго чалавека. Той ляжаў на зямлi вухам да травы.
- Што ты тут робiш? - спытаў каралевiч.
- Прыслухваюся, - адказаўчалавек.
- Да чаго?
- Прыслухваюся, што цяпер робiцца ў свеце. Ад мяне нiчога не ўтоiцца. Я чую нават, як расце трава.
Каралевiч пацiкавiўся:
- Скажы, што ты чуеш у двары старой каралевы, у якой дачка прыгажуня?
- Чую, як меч свiшча, галаву жанiху адсякаюць.
Каралевiч вырашыў:
- Ты мне спатрэбiшся. Iдзi за мной!
Рушылi яны далей. У хуткiм часе прыкмецiлi чалавечыя ногi са ступнямi. Праехалi яшчэ нямала пакуль убачылi тулава, а пасля i саму галаву.
- Эй! - здзiвiўся каралевiч. - Ты доўгi, як вялiкi канат.
- Гэта што, - адказаў незнаёмец, - калi я выцягнуся як след, то зраблюся ў тры тысячы разоў даўжэйшым i большым за самую высокую гару на зямлi. Я мог бы служыць вам, калi возьмеце з сабой.
- Iдзi за мной! Ты мне спатрэбiшся.
Па дарозе сустрэлi яшчэ аднаго чалавека. Той сядзеў з завязанымi вачыма.
- Можа, у цябе вочы хворыя? - спытаў каралевiч.
- Ды не, - адказаў незнаёмец, - калi я здыму павязку i зiрну на што-небудзь, то ўсё разляцiцца на кавалкi.
- Добра, iдзi за мной! Ты мне спатрэбiшся.
Пайшлi яны далей усе разам. Ды раптам знайшлi на дарозе новага чалавека. Ён ляжаў на самым сонцапёку i трымцеў. Яго калацiла так, што зуб на зуб не трапляў.
- Чаму табе так холадна? - спытаў каралевiч.
- Ах, - адказаў чалавек, - у мяне такая натура: чым гарачэй у прыродзе, тым халадней мне, i наадварот: чым халадней, тым мне гарачэй. На лёдзе я пакутую ад спёкi, а ў агнi - ад холаду.
- Дзiўны чалавек! - сказаў каралевiч. - Калi хочаш мне служыць, то iдзi за мной.
Пайшлi яны далей. Бачаць, стаiць чалавек, узiраецца ў горы.
- Што ты там бачыш? - цiкавiцца каралевiч.
- У мяне такi востры зрок, што я ўсё бачу праз лес, поле, горы, далiны. Праз увесь свет бачу!
Сказаў каралевiч:
- Калi хочаш, iдзi за мной. Такога ў мяне яшчэ няма.
Так з шасцю сваiмi слугамi каралевiч завiтаў у горад, дзе жыла старая каралева. Ён не аб'явiў, хто такi, а сказаў:
- Калi вы згодны выдаць за мяне вашу дачку-прыгажуню, я выканаю ўсё, што загадаеце.
Узрадавалася вядзьмарка, што зноў трапiў да яе такi цудоўны юнак, i кажа:
- Я задам табе трайную задачу. Калi выканаеш кожную з iх, станеш мужам маёй дачкi.
- Якая твая першая задача? - спытаў каралевiч.
- Ты павiнен дастаць мой пярсцёнак, якi я ўпусцiла ў Чырвонае мора.
Вярнуўся каралевiч дамоў да сваiх слуг, расказаў i пра свой клопат.
Адгукнуўся той, якi меў востры зрок:
- Я пагляджу, дзе пярсцёнак ляжыць.
Зiрнуў ён у глыб мора, сказаў:
- Вiсiць ён там на вострым каменi.
За далейшую працу ўзялiся Даўгалыгi i Таўстун. Падышлi яны да мора. Таўстун улёгся на зямлю, падставiў рот да вады. I паплылi хвалi яму ў рот, як бы ў бездань якую. Выпiў ён усё мора. Стала яно сухое, як луг. Тады нагнуўся Даўгалыгi i дастаў рукой пярсцёнак.
Узрадаваўся каралевiч, калi атрымаў знаходку. Панёс старой каралеве. Здзiвiлася тая i кажа: