Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 1
Андрэй Федарэнка
Афганская шкатулка
Афганская шкатулка
Пралог
Герой першы. — Чаканне прафесара Пятроўскага. — Магнітафон «Вясна» як важны элемент аповесці. — Сябар-зямляк. — Споведзь «афганца».
Перад «ціхай гадзінай» дзверы ў палату нумар пятнаццаць расчыніліся і на парозе ўзнік малайцаваты доктар — у белай шапачцы і ў белым халаце, з-пад якога выглядвалі ваенныя галіфэ і наваксаваныя боты.
Пры яго з'яўленні хворыя паўскаквалі з ложкаў, але доктар не звярнуў на іх увагі. Заклапочана агледзеўся, заўважыў, што каля сцяны, пры самых дзвярах ёсць незаняты ложак, павярнуўся і скамандаваў у калідор:
— Сюды давайце!
Двое санітараў укацілі ў палату насілкі. Чалавек на іх увесь закрыты быў прасцінаю. Збоку трэці санітар нёс у руцэ кропельніцу.
Прасціну сцягнулі і асцярожна пачалі перакладаць на ложак тое, што пад ёй знаходзілася… Гэта быў увесь у бінтах і ў гіпсе абрубак. У яго не было адной нагі і па плечы абедзвюх рук. Круглая, як шар, галава была цалкам забінтаваная — з бінтоў выглядаў толькі нос, каб дыхаць, і рот, каб есці.
Калі санітары, уладкаваўшы сяк-так няшчаснага, выйшлі, доктар звярнуўся да хворых:
— Ну што, хлопцы (хлопцы як паўскаквалі, так стаялі каля ложкаў, рукі па швах), — вось вам новенькі. Самі бачыце, які ён. Да ўсяго яшчэ і без вачэй, зусім сляпы. І асколкамі ўвесь нашпігаваны. Так што глядзіце тут яго, не крыўдзіце… Тым больш гэта мой зямляк. З Беларусі, як і я.
Доктар — Пратасевіч было яго прозвішча — ніколі не прамінаў лішні раз нагадаць, што ён беларус. Увесь шпіталь ужо ведаў аб гэтым. З Мінска прыслалі яго сюды на «курсы падвышэння кваліфікацыі» — аб гэтым ён таксама расказваў, ужываючы менавіта такое словаспалучэнне. Як і для большасці таленавітых дактароў, хворыя былі для яго ўсяго толькі чалавечым матэрыялам, а ў працы з матэрыялам і сапраўды трэба ж неяк «падвышаць кваліфікацыю».
— А што з ім, з вашым земляком? — спыталіся ад вакна.
— Афганістан, — коратка адказаў доктар.
— Як… Афганістан?
— Ізноў? — зашумелі здзіўленыя хворыя салдаты.
Справа ў тым, што ўсё гэта адбывалася вясной 1990 года. Калі верыць газетам і тэлевізару, вывад войскаў з «Аўгана» даўно закончыўся, баявыя дзеянні там ужо не вяліся. Прынамсі сюды, у славуты на ўвесь Саюз Падольскі ваенны шпіталь параненыя перасталі паступаць са студзеня месяца. Толькі «старыя» ляжаць, іх яшчэ цэлы корпус у правым крыле шпіталя.
Так што зразумела было здзіўленне салдат.
— Апошняя партыя, — патлумачыў доктар. — Не пашэнціла беднаму. Дэмабілізаваўся, ехаў дамоў… Ну, каля Кандагара іх і накрылі. «Уазік» у ашмёткі разнеслі з гранатамётаў. Як ён увогуле ацалеў — незразумела!
— А чаму да нас яго?
Таксама заканамернае пытанне. Палата нумар пятнаццаць лічылася лёгкай, рэабілітацыйнай і памяшчалі сюды толькі тых, каму неўзабаве на выпіску.
— Часова. Прафесар Пятроўскі павінен яго агледзець. Потым перавядзем у асобную палату. Так што тут ён не залежыцца.
Нарэшце гаваркі доктар пажадаў усім хуткай папраўкі і выйшаў. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, хлопцы пападалі ў ложкі — рукі пад галаву, вочы ў столь — і загаманілі хто пра што, толькі не пра знявечанага «афганца». На двары стаяла падмаскоўная вясна. Яна ўрывалася ў расчыненае вакно радасна-трывожнымі сваімі пахамі і гукамі. Шпітальны корпус патанаў у зеляніне. П'яна пахла чаромха. Заліваліся — нават цяпер, удзень — салаўі. На спартыўнай пляцоўцы гулялі ў валейбол.
Наперадзе ў гэтых маладых салдатаў, якім пашэнціла, якіх абмінулі калецтвы і смерць, была выпіска. Былі «дэмбель», вяртанне да сяброў і блізкіх, да каханай. Наперадзе ў іх былі вёсны і зімы, світанкі і заходы, сінія нябёсы і свежыя вятры. Каму тут якая справа да няшчаснага калекі?
Лішні раз пацвердзілася — няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Салдат-«афганец» заляжаўся ў палаце нумар пятнаццаць. Прафесар Пятроўскі, пра якога ў шпіталі хадзілі цэлыя легенды, які мог вярнуць чалавека нават з таго свету, усё не прыязджаў. Цягнуліся дні. Набірала сілу вясна. Адны салдаты выпісваліся, іншыя паступалі на іх месцы, каб неўзабаве таксама пакінуць палату.
З «афганцам» ніхто не сябраваў. Больш за тое, яго нават цураліся. Дзеля справядлівасці скажам, што вінаваты ў гэтым трохі быў і ён сам. Бяда азлобіла яго. Калі спрабавалі з ім загаварыць, ён толькі агрызаўся, ці проста нічога не адказваў. І ні разу нікога ні аб чым не прасіў.
Зрэдку наведваўся да яго доктар Пратасевіч.
— Як жыў, зямляк? — пытаў бадзёра. Салдат маўчаў.
— Ну, нічога. Вось-вось прыедзе Пятроўскі…
Аднойчы доктар прынёс земляку свой старэнькі касетны магнітафон, прыладкаваў на тумбачцы побач з ложкам. «Афганец» узрадваўся падарунку, як малое дзіця. Канечне, нудотнае існаванне яго з гэтага часу крыху змянілася. Цяпер яму ўжо міжволі даводзілася ўступаць у сякія-такія кантакты з суседзямі па палаце: прасіць, каб хто ўключыў ці выключыў магнітафон, памяняў касету. У гэты самы час і адшукаўся яму сябрук. Таксама беларус, таксама паранены ў Афганістане, толькі яшчэ зімою. Аднак і цяпер у яго была забінтаваная галава.
Ляжаў ён у суседнім «афганскім» корпусе, а сюды, да таварыша па няшчасці, пачаў наведвацца кожны вечар. Відаць, там яму таксама было адзінока. Быў ён высокага росту, хударлявы, маўклівы, характар меў спакойны, падатлівы. У цёмных зеленаватых вачах яго ўгадвалася ранняя сталасць і чытаўся зноў-такі не па гадах розум.
Ён карміў сябра з лыжкі. Прыбіраў за ім. Прыносіў купленыя ў шпітальным буфеце гасцінцы: яблыкі, пячэнне, малако. Гаварылі яны з «афганцам» мала, неахвотна, да таго ж па-беларуску, і хворыя ў палаце, прыслухоўваючыся, са здзіўленнем адкрывалі, што гэта, аказваецца, амаль незразумелая мова!
Часцей зямляк падсядаў да сябра на ложак, нягучна ўключаў магнітафон і яны моўчкі слухалі песні такога далёкага цяпер свайго юнацтва.
Усё, аднак, канчаецца — скончыўся і гэты перыяд чакання. Неяк з раніцы зайшоў доктар. Радасна паціраючы рукі, аб'явіў голасам больш бадзёрым, чым звычайна:
— Прафесар Пятроўскі прыехаў! Рыхтуйся, зямляк. Заўтра ў цябе пункцыя спіннага мозгу.
— А потым? — ціха спытаў «афганец».
— Гм, потым… Потым будзем глядзець. Цэлы цыкл аперацыяў цябе чакае!
У той дзень «афганец» быў зусім маўклівы, разгублены. Як заўсёды, увечары прыйшоў зямляк, падзяліўся радасцю: заўтра яго выпісваюць. У палаце былі толькі яны ўдвух. Зямляк хацеў уключыць магнітафон, «афганец» папрасіў:
— Не трэба. Я хачу табе нешта сказаць. Я ведаю, што не выжыву. Не суцяшай! — павысіў ён голас, угадаўшы, які рух зрабіў і якія словы збіраецца зараз сказаць зямляк. — Неяк у рэанімацыі, яшчэ ў Ташкенце, я падслухаў, урачы сказалі — гэты доўга не працягне. Дык вось, будзь уважлівы! І запамінай. Калі мяне не стане, толькі ты адзін будзеш аб гэтым ведаць. Нагніся.
І ён зашаптаў, ды так ціха, нібы баяўся, каб нават сцены не падслухалі ягонай тайны. Зямляк слухаў моўчкі. Падчас усяго расказу ён нават не зварухнуўся.
Вось тут перапыняецца нашая гісторыя. Усплыве яна аж праз пятнаццаць гадоў і на гэты раз месцам дзеяння выбярэ не далёкі Афганістан, і не падмаскоўны Падольск, а беларускую вёску Вялікая Паляна; менавіта тут з'явяцца перад намі, як на экране тэлевізара, і старыя знаёмыя героі, і зусім новыя; менавіта тут наша таямнічая заблытаная гісторыя паступова раскруціцца, разблытаецца, праяснее і пад канец ператворыцца проста ў гісторыю.
Аднак не будзем забягаць наперад!
Раздзел I
Лёдавае пабоішча. — Галоўны недахоп сяла Вялікая Паляна. — Цім і Валік. — Овер-тайм. — Не забіваеш ты — забіваюць табе. — Варатар Дзірка з каманды «Рэшата». — Барадач з сабакам.