Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 4
Так і сказаў Валік сябру, толькі больш лаканічна.
— Ведаю. Ён жыве ў леснічоўцы. Дык і што? Мала ў нас тут чужакоў? Ідзеш па вуліцы, дык кожнага другога не ведаеш, што за ён.
Хлопцы зноў пайшлі памалу. Снег суха парыпваў у іх пад нагамі.
— Дай мне слова, што будзеш маўчаць, — сказаў раптам Цім. У голасе яго была загадкавасць.
— Само сабою!
— Дык вось, я і праўда з-за яго гол прапусціў. Як убачыў, так і забыўся пра ўсё, і пра гульню таксама.
— Але чаму?
— А таму, што ён не такі просты, як нам здаецца. Чаму ён не размаўляе ні з кім у сяле? Нават не вітаецца?
— Ну, хочацца так чалавеку. Прывык адзін…
— Ды ў тым і справа, што не адзін! — вырвалася ў Цімы, але адразу ж, нібы спалохаўшыся чагосьці, ён прыкусіў язычок. — Не адзін, а з сабакам, — перавёў усё на жарт. — А калі сур'ёзна, няўжо ты не адчуваеш тут тайны? Чаму ён адзін? Чаму усіх староніцца? Адкуль бярэ грошы? Што ён тут, у нас, увогуле робіць?
Валік паціснуў плячыма.
— Мне гэта зусім не цікава, калі шчыра, — прызнаўся ён.
— А табе не прыходзіць у галаву, што ён тут проста хаваецца? Ад некага ці ад нечага. У яго ўсе панадкі злачынцы. А лепшага месца, каб схавацца і пераседзець небяспеку, чым нашая глуш, і знайсці цяжка.
Валік, канечне, ведаў і раней, што сябра ў яго — выдумляльшчык хоць куды, і калі не стрымліваць яго, не спускаць час ад часу на зямлю, фантазіі яго могуць завесці далёка. Але цяпер нават ён быў уражаны.
— Гэта і ёсць твой сакрэт? І з-за гэтага… ты прапусціў гол?
— Ды што ты зноў са сваім голам?! — узлаваўся Цім. — Што мы, дзеці малыя?
— Канечне, канечне! Супакойся, гэта я так, проста.
Лес скончыўся і пачалася вясковая вуліца. Свяціліся вокны хат, брахалі сабакі і пахла дымам з комінаў. Цім жыў блізка, адразу ж тут, пад лесам.
— Ну, да заўтра?
— Да заўтра!
Сябры развіталіся. Цім звярнуў на прачышчаную ў снезе сцежку, а Валік бягом кінуўся па доўгай вуліцы. Вунь яго двухпавярховы домік. Якое ўтульнае святло ў вокнах! Бацькі глядзяць тэлевізар. На кухні чакае смачная, цёплая яшчэ вячэра. Невялікі, затое ўласны пакойчык чакае, дзе сцены ў шпалерах з такімі знаёмымі, роднымі ўзорамі, дзе драўляны ложак з чыстай пасцеллю, кніжная шафа з любімымі кнігамі, стол, на якім падручнікі і сшыткі. Усё гэта вечнае, яно было, ёсць і будзе. І якая чароўнасць у гэтым пастаянстве! Не, Валіку ніколі не зразумець сябра. Дужа яны розныя. Адзін любіць простае, будзёнае, другі — толькі штосьці незвычайнае. Цім — гэта неба, а Валік — зямля.
Раздзел III
Урок геаграфіі. — Сценгазета. — Шыфроўка ад Цімы. — Ізноў пра барадача. — Валікаў рэалізм і Цімавы фантазіі. — Сорам. — Згода разам разгадваць таямніцу.
За вокнамі яшчэ як след не развіднела. На двары — проста снежная кругаверць! Гуляе вецер, мяцеліца намятае сумёты ўздоўж вуліц, сыпле жменямі снег ва ўсе куткі, куды можа дапасці. Снег сыплецца нават на падконнікі ад двара — палавіна шыбаў знізу ўжо закрытыя.
А тут, у светлым, прасторным, цёплым ад батарэй класе так здорава. На падлозе каля сцяны, на шафах уверсе і на дзвюх падаконніках стаяць вазоны розных дэкаратыўных раслінаў. Нязвыкла бачыць, што яны такія зялёныя, поўныя жыцця, калі за вакном самы разгул снежня. Цвітуць чырвоныя і белыя герані, кактус, як скручаны ў клубок зялёны вожык, таксама набрыняе зверху тоўстай пупышкаю, з якой з'явіцца адзіная вялікая кветка, фікусы развалілі свае лакіраваныя тоўстыя лісты-лапухі і ані дбаюць пра зіму.
Сеецца са столі дзённае святло. Адна з лямпаў крыху падміргвае і гудзе манатонна, аднастайна, зліваючыся з голасам настаўніцы.
Эла Іванаўна прахаджваецца між радоў і дыктуе:
— Тэрыторыя нашай Беларусі займае плошчу, роўную дзвесце сем і шэсць дзесятых квадратных кіламетраў.
Ад яе роўнага голасу, ад цяпла, святла, ад зеляніны вазонаў пануе ў класе нейкі сонны настрой. Адчуванне такое, што поры года змяшаліся і тут, у класе, заблукала лета… Кавалачак лета, абмежаваны чатырма сценамі І ад гэтага таксама лёгка, радасна на душы — бо і на самай справе будзе ж яно некалі, лета!
— … Для таго, каб гэтыя лічбы ўявіць, — цячэ голас настаўніцы, — прыбегнем да самага распаўсюджанага спосабу — параўнання.
Нават сценгазета, што з'явілася ў вестыбюлі перад урокамі, і тая не псуе настрою.
Акрамя ўжо згаданай «паэмы» былі там яшчэ два карыкатурныя каляровыя малюнкі. На верхнім — Валік, з даўжэзнай, як у жырафы, шыяю стаіць перад пустымі варотамі і, зноў-такі як жырафа расставіўшы ногі, не ведае, што рабіць з шайбаю. На ніжнім — маленькі тоўсты Цім сядзіць на лёдзе і любуецца захадам сонца, у гэты момант за яго спіной забіваюць гол. Акурат пад гэтай ніжняй карыкатураю канчалася «паэма», словамі:
Асабліва, канечне, крыўдна Віцьку. Той заўсёды ганарыўся сваім рэдкім прозвішчам, даказваў, што недзе аж у Польшчы, на Беласточчыне, жыве паэт, яго двайны цёзка, а аднойчы прынёс у школу газету «Ніва», якая выдаецца ў Польшчы на беларускай мове, і ўрачыста паказваў яе ўсім. Сапраўды, быў надрукаваны там вершык за подпісам Віктар Швед.
— …З усіх краін Беларусь па плошчы бліжэй — да каго б вы думалі? — да Велікабрытаніі. Нашая рэспубліка меншая ўсяго на сорак квадратных кіламетраў.— настаўніца ўжо не ходзіць, а прысела за стол і абедзьве рукі паклала на глобус.
Таксама як добра, што першы ўрок — менавіта геаграфія. Усё адно палова класа, учарашнія хлопцы-байцы, не падрыхтаваліся. А геаграфія — самы лёгкі і цікавы прадмет. І вядзе яго любімая настаўніца. У яе свой метад навучання, гэтак званы прынцып дабраахвотнасці. Яна ніколі не выклікае да дошкі сілком. «Ну, хто сёння хоча адказваць?» — заўсёды спытае. І калі няма ахвотных, а такое здараецца рэдка, як вось сёння, тады сама пачынае расказваць штось цікавае, хай нават не заўсёды і звязанае з геаграфіяй. Ніколі яна не апускаецца да гэтых садысцкіх эксперыментаў — як робіць, скажам, настаўніца англійскай мовы. «Т-э-э-к, — пачынае тая. Унурваецца ў журнал. Марудна паўзе зверху ўніз па прозвішчах кончык ручкі, не датыкаючыся да паперы. Мёртвая, аж да звону ў вушах, цішыня ў класе. «Сёння (паўза) да дошкі (паўза) пойдзе (доўгая паўза). Пойдзе да дошкі.» — уверх папоўз кончык асадкі. І так некалькі разоў, пакуль не спыніцца нарэшце на чарговым небараку, які калі і помніў што, дык забыў падчас езуіцкага выпрабавання нерваў.
Таму так яны і ведаюць яе, гэтую мову. Акрамя, праўда, Ціма. Але ў яго здольнасці да моваў ад нараджэння.
Эле Іванаўне на давер адказваюць даверам. Яе прадмет любяць і вучаць. Калі ў тым годзе прыязджала камісія з Міністэрства адукацыі і праводзіліся адкрытыя ўрокі, дык геаграфію лепш за іншыя прадметы ведалі ўсе класы. Эла Іванаўна была ўрачыста прызнана лепшай настаўніцай школы, а яны, вучні, ганарыліся ёю.
— … Няма ніводнай краіны-суседкі (гэтага можаце не запісваць), якая б не ўключала ў сябе нашых этнічных тэрыторыяў. Гэта памежныя раёны Смаленшчыны і Браншчыны ў Расіі, гэта вобласць Латгаліі ў Латвіі, гэта частка Віленшчыны ў Літве, частка Чарнігаўшчыны і Жытомірінчыны на Украіне і Беласточчына ў Польшчы.
Тут па радах прабег нейкі шумок, сярод вучняў пачаўся ледзь прыкметны рух і Валіку, які сядзеў, як самы высокі, за апошняй партай перадалі запіску ад парты пярэдняй, дзе сядзеў Ціма.
Валік прыкрыў запіску далоняю. Нейкі час з самым нявінным выглядам слухаў настаўніцу. Затым асцярожна разгарнуў трохкутнічак. Там не было ні слова, а толькі слупкі лічбаў, падобныя на табліцу множання. Валік паморшчыўся. «Канспіратар», — незадаволена падумаў пра сябра. Справа ў тым, што, давучыўшыся да пятага класа на круглыя пяцёркі, Валік, як ні сорамна, не ведаў напамяць парадкавых нумароў размяшчэння літар у алфавіце. Лепш сказаць, не хацеў ведаць, лічачы гэта дурной тратай часу. Навошта тлуміць галаву, калі ў любы момант пры патрэбе можна заглянуць ў слоўнік?