Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 17
— Ну, канечне! — усклікнуў доктар, стукаючы сабе ў лоб сагнутым пальцам.
Нарэшце ён успомніў, дзе мог бачыць гэтыя пільныя, не па гадах разумныя вочы, чуць гэты крыху шапялявы голас. Ну, вядома!
Успомнілася доктару даўняя падмаскоўная вясна, Падольскі шпіталь для ваенных, рэабілітацыйная палата, скалечаны «афганец», які памёр, бедны, адразу пасля аперацыі. Усе дактары ведалі, што не жыць яму — так і адбылося. Дык вось, сябар-зямляк, што прыходзіў з суседняга корпуса і «афганца» даглядаў, і ёсць сённяшні таямнічы барадач!
Успомніў доктар — успомнім і мы доктара. Перанясемся ў пачатак аповесці, калі расчыняюцца дзверы ў палату і з'яўляецца… Так, так — стары наш знаёмы доктар Пратасевіч! Які быў накіраваны з Мінска ў Падольск на «курсы падвышэння кваліфікацыі», які ўсё хваліўся, што з Беларусі родам і памагаў землякам; той самы, які аднойчы прынёс скалечанаму «афганцу» магнітафон «Вясна» (ні сном ні духам не ведаючы і не здагадваючыся, колькі няшчасця прынясе яму ў далейшым гэты касетнік!).
Нічога дзіўнага, дарагія чытачы, калі вы не адразу разгадалі, што малайцаваты гаманкі доктар з Падольскага шпіталя і сухенькі, жыццём пакамечаны дзядок, якога вазіў у сваю леснічоўку Крушынскі — адзін і той чалавек. Апошнія пятнаццаць гадоў моцна змянілі нашага доктара. Ён быў ужо на пенсіі. Жыў сумна і адзінока, без сяброў, без знаёмых, у звычайнай хаце ў цэнтры вялізнага двухмільённага горада. Горад усё большаў, разрастаўся — і ўшыркі, за кошт акраінаў, і ўвысь — будуючы шматпавярховыя дамы. А пра Грушаўку, гэты «анклаў» у самым цэнтры, нібы забыліся. Як і на людзей, што тут жывуць, як і на яго, старога доктара. Па першым часе, калі, выдаўшы замуж дачку, Пратасевіч застаўся адзін, ён усё спадзяваўся, што неўзабаве гэтыя хаты знясуць, і атрымае ён кватэру, хай сабе невялічкую. Тады былі б пярэбары, пераезд, улазіны, розная будаўнічая мітусня, новыя суседзі. Усё было б весялей! Але ішоў год за годам. Нічога не мянялася. Хаты не зносілі. І цяпер доктар даўно ўжо нічога не чакае.
Давайце ж, дарагія чытачы, хоць мы з вамі яго адведаем. Пабудзем з ім якіх хвілін пяць у гэтым кароткім раздзельчыку — пацерпім!
І так — пасля таго, як звазілі нашага доктара Пратасевіча ў лес на «экскурсію», а потым заплацілі даляры і прывезлі пад самыя веснічкі назад, ён нарэшце успомніў, дзе мог бачыць барадача. Успомніў ён і яшчэ сёе-тое. Цяпер яму карцела падзяліцца сваім адкрыццём. Але каму такое скажаш? Хіба што зяцю Ігару.
Доктар Пратасевіч сядзеў за пустым сталом у пустой хаце і, чакаючы вечара, то пазіраў на гадзіннік, то проста ў вакно, на двор. Было ўсяго тры гадзіны дня, а зяць Ігар будзе дома не раней пяці.
На двары, якраз насупраць вакна, доктар Пратасевіч бачыў калінавы куст. Ён быў абсыпаны снегам і здаваўся круглым, як шар. І сярод гэтага снегу штось чырванелася: ці то гронкі ягад, ці то снегіры прыляцелі. А можа, і тое, і тое — снегіры ласуюцца ягадамі. Як хутка праляцела жыццё, — думаў доктар Пратасевіч, — гэта ж ёсць недзе фотаздымак, яго маленькая дачка пад гэтым калінавым кустом. А цяпер і яна даўно дарослая, і ў самой ужо дзіця.
Было, было ад чаго задумацца доктару! Усё правільна — жыццё прамільгнула амаль без следу!
Так атрымалася, што камандзіроўка ў Маскву стала для яго апошняю. За гэтыя паўтара дзесяцігодзьдзі змяніўся не толькі ён. Увесь звыклы, ранейшы свет пабурыўся, як домік з пяску, а разам з ім, з тым «старым светам», скончылася і кар'ера доктара Пратасевіча. Маладзейшыя, спрытнейшыя калегі ўмомант скемілі, што ўрачэбная справа — адна з самых прыбытковых, таму ў ёй лепш абыходзіцца без канкурэнтаў. У гэтай барацьбе за выжыванне доктар Пратасевіч прайграў. Ён апынуўся сярод няўдачнікаў. Як толькі яму стукнула шэсцьдзесят, яго проста звольнілі з ваеннага шпіталю, нічога не тлумачачы.
Зберажоных грошай хапіла на тое, каб вывучыць дачку, выдаць яе замуж і пабудаваць ёй з зяцем двухпакаёвую кааператыўную кватэру.
Сам доктар Пратасевіч не адразу апусціў рукі. Спачатку ён спрабаваў трохі рыпацца. Хадзіў па розных фірмах, прасіўся хоць лабарантам у розныя медыцынскія ўстановы… Не бралі — стары, тут маладыя без працы. Спрабаваў практыкаваць «на даму», кустарным чынам. Нічога з не выйшла. Пацыенты ішлі лячыцца да тых, хто не скупіўся на прывабную рэкламу, а якая рэклама магла быць у доктара Пратасевіча? Ад рукі напісаная, убогенькая абвестка (з махрой тэлефонных нумаркоў знізу), прыклееная на шчыце тралейбуснага прыпынку — паміж «Здыму кватэру» і прапановай пахудзець хутка і эфектыўна.
Доктар Пратасевіч здаўся. Цяпер яму ўжо і ўспамінаць не хацелася, што і ён жа некалі быў малады, удачлівы, перспектыўны, што яго паважалі — талент, казалі, залатыя рукі! Хто б тады мог падумаць, што такая будучыня чакае яго! Цяпер з кожным годам ён усё менш і менш разумеў, што адбываецца навокал. Гэта раней, у часы яго маладосці, ды і сталасці, усё было ясна. Працуй, старайся! Калі пашэнціць, можаш выбіцца ў начальнікі, а гэта значыць большы аклад. Жыві сабе ціхенька, складай рублі ў панчоху, ці ў касу на кніжку кладзі. Цяперашнія маладыя, нябось, і слоў такіх не ведаюць — «ашчадная кніжка».
Цяпер доктар Пратасевіч жыў на адну пенсію. І тую эканоміў, стараўся не траціць ніводнай лішняй капеечкі, каб потым аддаць унуку. Ні перад кім больш, ні перад дачкой, ні перад зяцем яму не было так сорамна за сваю беднасць, як перад любімым Ігаркам. На яго ж, Ігарка, ішлі ўсё падзаробкі. Былі яна, праўда, вельмі рэдкія, выпадковыя — як вось сёння з гэтым барадачом.
Што й казаць, пашэнціла сёння! Пяцьдзесят «зялёных» за пару гадзін. І не толькі гэтае! Галоўнае, што вёска называецца Вялікая Паляна!
Пра апошняе доктар Пратасевіч стараўся знарок не думаць. Адцягваў да вечара, калі ўбачыць зяця Ігара. Уяўляў, які твар у яго зробіцца, калі ён пачуе гэтую проста неверагодную гісторыю!
Раздзел XIII
Паход да зяця Ігара. — Няўдачнік. — Філасофскі настрой доктара Пратасевіча. — Пяцьдзесят даляраў. — Настальгія. — Ізноў усплывае магнітафон «Вясна». — Завязка дэтэктыву. — Старая касета, якая неўзабаве крута зменіць ход аповесці.
Роўна ў пяць доктар Пратасевіч стаяў перад дзвярыма зяцевай кватэры і націскаў кнопку званка.
Зяць толькі што прыйшоў, не паспеў нават пераапрануцца. У сваім чорным, расшпіленым пінжаку і белай кашулі без гальштука, поўненькі і невысокенькі, ён быў падобны на пінгвіна.
Старонячыся, каб упусціць цесця ў пярэднюю, зяць спытаў:
— Здарылася што? Вы не тэлефанавалі…
— Нічога не здарылася. Проста зайсці вырашыў. Пасядзець, пагаварыць.
Доктар казаў гучна і смела, бо ведаў, што ў кватэры больш нікога няма. Уласнай дачкі ён пабойваўся. Звычайна яна не адабрала бацькавых знянацкіх візітаў. Ды і сам доктар ведаў, што толькі раз на месяц яму тут радыя — калі прыносіць зберажоную пенсію. Але сёння дачка працавала ў другую змену, з'явіцца толькі гадзіны праз дзве. А ўнук Ігар — на курсах англійскай мовы.
— Ідзіце на кухню, раз прыйшлі, - вяла прапанаваў цесцю зяць.
Для доктара Пратасевіча заўсёды было загадкай, чым Ігар займаецца? Нібыта працуе, ці «состоит», як сам ён кажа, пры нейкім фондзе — пры адной з тых незлічоных, цьмяных арганізацый, якіх столькі распладзілася і якія бязліка-падобныя нават сваімі назвамі (.).
Так ці інакш, а толк ад зяцевай дзейнасці быў малы. Задуманасць і панурасць усё часцей гасцілі на яго твары.
Доктар прадыбаў на кухню. З сабою ён прынёс пакунак у цэлафанавым пакеце. Адразу бухнуў яго на стол.
— Што гэта? — спытаў зяць.
— Выпіўка, закуска…
— У пяць гадзін дня?! Ну і час вы знайшлі! Бачыце ж, я сам толькі што парог пераступіў! Галодны, не пераадзеты…
— Хіба ты жанчына, — пажартаваў цесць, — што табе трэба да стала вячэрнія строі?
Зрэшты, сёння, пасля паездкі ў лес, яго цягнула больш на філасофію, чым на жарты. Ва ўсім яму бачылася імклівая зменлівасць жыцця. Вось і гэты Ігар.
Пакуль зяць неахвотна, вельмі марудна пачаў збіраць на стол, цесць назіраў за ім. І дзівіўся пераменам. Здаецца, зусім нядаўна Ігар быў хударлявым, прыгожанькім, цёмна-русым, сарамлівым хлапчуком, якога шчаслівая дачка за руку прывяла да бацькі ў дом — на агледзіны.