Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 18
Цяпер па кухні ляніва рухаўся паўнаваты мужчынка, з лысінай замест русявай густой чупрыны. Але галоўнае ўсё ж было не гэта, не знешні выгляд, а выраз твару. Адбітак нейкай абдзеленасці на ім. Так — чыталася на зяцевым твары — ну, вось такі я, не шэнціць мне, дык хіба я вінаваты, што не шэнціць?
Усё гэта было знаёма і самому цесцю. Ён адчуваў долю і сваёй віны — у тым, што не дужа ладзіцца жыццё ў дачкі з зяцем. Хаця што значыць не ладзіцца? Жывуць не горш не за ўсіх. Але не так, як хацелася б.
Канечне — зусім няблага было б, каб доктар Пратасевіч быў чалавек багаты! Як тыя пялегаваныя [2] дзядкі з замежных серыялаў — розныя там плантатары, магнаты, фабрыканты-мультыміліянеры. Калі б жыў у апартаментах, меў вілу на беразе мора і з'яўляўся ўладальнікам акцыяў якой-небудзь нафтавай кампаніі. Тады іншыя былі б да яго і адносіны. Тады ён аўтаматычна рабіўся б паважаным цесцем для зяця, любімым бацькам для дачкі, мудрым, шчодрым дзедам для ўнука.
Мары, мары! Доктар уздыхнуў. Пакуль што замест кантрольнага пакета нафтавых акцый ён мог прапанаваць зяцю ўсяго толькі пяцьдзесят даляраў.
Што ён і зрабіў. Не ламаючыся, проста выцягнуў з кішэні дзве дваццаткі і дзве пяцёркі. Разгладзіў, паклаў на край стала. Падсунуў да зяця. Сказаў абыякава, нібы кожны вечар дараваў зяцю па пяцьдзесят даляраў:
— На вось, вазьмі, Ігарку што купіш.
І праўда — убачыўшы «зялёныя», ураз пасвятлеў зяць тварам. Разгладзіліся зморшчынкі на ілбе, нават голас змяніўся.
— Дзе вы ўзялі?
— Зарабіў сёння. Усяго за пару гадзін.
— Някепска! І як, калі не сакрэт?
— Зараз раскажу. Я таму і прыйшоў. Ты проста не паверыш.
— Пачакайце! — перабіў зяць. Кінуўся да лядоўні. — Бо што ж гэта ў нас за сухамятка. Катлеты разагрэем зараз.
Пакуль ён завіхаўся каля пліты, перачарочваючы на патэльні катлеты, доктар вырашыў не губляць часу, а ўжо цяпер расказваць — так карцела яму гэтая гісторыя.
— Дык вось: сёння ўраніцы — стук у дзверы. Што такое? Адчыняю — мужчына. Высокі, барадаты. Мне, кажа, да вас параілі звярнуцца як да вопытнага, прафесійнага (доктар падняў угару ўказальны палец) спецыяліста. Трэба з'ездзіць у адно месца і агледзець хворага. Вось вам аванс — выцягвае з кішэні скрутак даляраў і адлічвае дваццаць пяць. Ну, трэба, дык трэба! Я хуценька збіраюся, сакваяж у зубы. На вуліцы таксоўка чакае. Паехалі. Я думаў, блізка — дзе там! Хоць мне што, я ж за бензін не плачу. Тарабанілі кіламетраў сто пяцьдзесят — дзвесці ад Мінска, у сяло Вялікая Паляна.
Доктар уважліва паглядзеў на зяця і паўтарыў:
— Вялікая Паляна.
— Не чуў пра такую.
— Ну, канечне, табе гэтая назва нічога пакуль не кажа. Аднак пачакай! Завезлі мяне не ў сяло нават, а ў глухі лес. У малюсенькую хатку з адным вакном. Ні электрычнасці, ні радыё… Хворая дзяўчынка сядзіць у кутку на нейкім тапчане. Агледзеў я, абстукаў яе, заняло ўсё хвілін пятнаццаць. Гатова. Пяцьдзесят даляраў, плюс дастаўка туды і назад!
Доктар зглынуў сліну. Вельмі моцна пахла катлетамі. Нарэшце зяць паклаў на цэнтр стала драўляны кружок, на яго — гарачую патэльню.
Выпіўшы па чарцы, абодва падчапілі відэльцамі па катлеціне і дружна пачалі дзьмухаць на іх. Потым хвілін колькі на кухні чуваць было толькі чвяканне.
— Бывае, — прамовіў зяць, перабіўшы голад. — Цяпер многа такіх… як гэты ваш барадач… Знарок у аднапакаёўках жывуць, у лясных хатках, дарагіх машын не купляюць, апранаюцца бедненька. А капні глыбей — у кожнага тысячы, калі не мільёны! Даляраў, я маю на ўвазе.
— Ды не… Гэта барадач не падобна, каб быў багаты.
— А што за дзяўчынка? — пацікавіўся зяць, па другой наліваючы.
— Не ведаю. Ды справа тут не ў дзяўчынцы… Іншае цікава — барадач! Я, хоць і не адразу, але ўсё ж пазнаў яго! Некалі ён лячыўся ў Падольскім шпіталі, ляжаў у «афганскім» корпусе. Там мы і сустракаліся з ім.
— А-а, зразумела. Вось хоць бы і гэтыя «афганцы», — гнуў сваё зяць, — таксама паўладкоўваліся. Фонды розныя, арганізацыі, асацыяцыі… Фінансаванне, ільготы, якія ўсё падзяліць ніяк не могуць. Глядзелі па тэлевізары? У Маскве сярод белага дня на могілках узарвалася бомба, сярод «афганцаў», якія свайго хавалі!
— Не глядзеў, — адказаў доктар. — Ігар, такая справа. Я цэлы дзень сёння думаю: ці не даў я некалі маху? Ці не зрабіў я некалі вялікага глупства?
— Што такое?
— А вось паслухай. Нікому ніколі я гэтай гісторыі не расказваў. Па-першае, забыўся, па-другое, усур'ёз не ўспрымаў яе. Да сённяшняй сустрэчы з гэтым барадачом.
— Ну, ну — не цягніце!
— Гадоў пятнаццаць назад, гэта ты ведаеш, накіравалі мяне ад ваенкамата ў той самы Падольскі шпіталь.
І доктар коратка распавёў ужо вядомую нам перадгісторыю. Пра скалечанага, сляпога, без рук без ног «афганца», які паступіў у Падольск з Ташкента, пра тое, як ён апынуўся ў «лёгкай» палаце, як хворыя не любілі і пабойваліся яго, пакуль не знайшоўся яму з іншага корпусу таварыш, таксама «афганец», сержанцік — прыходзіў да яго кожны вечар, даглядаў.
— Ды вось! Прынёс я неяк гэтаму няшчаснаму абрубку, каб хоць трохі развеяць яго, сваю «Вясну». Памятаеш, быў у мяне такі старэнькі касетнік? Пасля я яго Ігарку аддаў, гуляцца.
Зяць кіўнуў: памятаю.
— Неўзабаве пераводзяць нашага «афганца» ў аднамесную палату. (Натуральна, і магнітафон туды ж). Пачынаем рыхтаваць яго да аперацый. Праходзіць адна, другая — сам прафесар Пятроўскі аперыруе, і някепска аперыруе! — але арганізм ужо настолькі аслаблены, што пасля трэцяй у небаракі проста не вытрымала сэрца. Памёр пад наркозам. Інакш кажучы, заснуў і не прачнуўся.
— Шкада, — прамовіў зяць без аніякага шкадавання ў голасе. Насадзіў яшчэ адну катлету на відэлец.
— Адвозяць нашага «афганца» ў морг. Я забіраю сваю «Вясну». Вось тут пачынаецца самае цікавае, калі не сказаць — неверагоднае! Магнітафон стаіць на «запісе»! Аказваецца (гэта пазней стала вядома), прывезлі «афганца» пасля адной з аперацый у палату, пачалі перакладаць на ложак… І тут адзін з санітараў адступіўся і сеў на тумбачку, на магнітафон. Ты ж ведаеш «Вясну» — прымітыўная сістэма, клавішы выпуклыя, лёгка ўключаюцца. Вось гэты санітар сваёй (прабач, не за сталом будзь сказана!) задніцай і націснуў адначасова на клавішы «пуск» і «запісь»!
— Цікава… Ну, і што з гэтага?
— А тое. Цэлы бок касеты, якая была ў магнітафоне, аказаўся, канечне, сцёртым. Калі ж я чыста машынальна перагнаў істужку на пачатак і запусціў па-новаму. Касета была не пустая! Магнітафон запісаў трызненні «афганца»! Ты, Ігар, можа, не ведаеш (зрэшты, не дай Бог і ведаць такое!), што многія хворыя падчас аперацыі, ці пасля, адыходзячы ад наркозу, могуць падоўгу, чыстым голасам і цалкам лагічна распавядаць аб рэальных падзеях свайго жыцця. Такая атрымоўваецца міжвольная споведзь. Гэтым, дарэчы, здаўна карыстаюцца розныя спецслужбы.
— Ну-ну! — усё больш зацікаўліваўся зяць. — І што ж такога нагаварыў «афганец»?
— Ды ў тым і справа, што не помню! Праслухаў — і ўсё. Толькі падумаў яшчэ, помню, што варта зберагчы касету; прыеду ў Мінск і падарую яе сябру-псіхолагу. Яны такімі рэчамі цікавяцца. Забыў, канечне! Запрапала недзе касета, ды і псіхолаг мой, стары сябра, даўным-даўно ўжо недзе за мяжою.
— Не адхіляйцеся ад тэмы, — перапыніў гэты настальгічны экскурс зяць. — Дык што ж там усё-ткі было, на касеце? Няўжо зусім нічога не помніце?
— Чаму, сёе-тое помню… Пару-тройку слоў, што часцей паўтараліся.
— І якія словы?
Доктар задраў галаву, успамінаючы.
— Так. Шкатулка… Каштоўныя камяні… Груз двесце. Але галоўнае — сяло Вялікая Паляна! Гэтае гучала разы чатыры! Чаму я запомніў, чаму мне і ўелася ў памяць — бо Падмаскоўе ж, Тула не так далёка, а там Ясная Паляна. Дзе Талстой пахаваны, — патлумачыў цесць зяцю. — Нас туды на экскурсію вазілі.
— Пры чым тут Талстой?
— Ну, так, проста… Падобнае гучанне: Вялікая Паляна — Ясная Паляна.
Зяць быў яўна расчараваны.
— Нямнога ж вы запомнілі. Сапраўды, гісторыя цікавая. І не больш. Ды і то — цікавая хіба што толькі для вашага былога сябра-псіхіятра.
2
Дагледжаныя, выпешчаныя.