Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 29
— Дык што вы там гаварылі пра грошы? — спытала яна. — Колькі вы можаце заплаціць?
— Колькі трэба! — заспяшаўся ён. — Яшчэ і пераплачу!
— Тады добра. Хадзем да мяне ў кабінет, аформім паперы. Усё будзе афіцыйна. Абяцаю, што ўсе вашыя грошы на яе ж і пойдуць. Перавядзем у іншую палату, будуць лекі, дагляд.
Віка чакала Крушынскага на тым самым месцы, дзе ён яе і пакінуў. Кароткія хлапечыя валасы яе былі ў кропельках дажджу. Крушынскі дастаў насоўку і выцер ёй мокрыя лоб, нос і шчокі.
— Ну, усё ў парадку, — бадзёра адказаў на маўклівае яе запытанне. — Твая маці яшчэ паляжыць тут. Пакуль не паправіцца. Ёй тут добра, яна сама сказала! — паспешліва дадаў ён.
— А не выкінуць яе? — так і спытала Віка, «выкінуць», а не «выпішуць».
— Не хвалюйся. Я аб усім дамовіўся з нача… з загадчыцай аддзялення. Твая маці будзе тут столькі, колькі спатрэбіцца. За ёю будзе харошы дагляд.
— Ты заплаціў ім? — спытала дзяўчынка. Памаўчаўшы, сама сабе і адказала: — Канечне, заплаціў! Дзякуй за ўсё, Барыс.
І пацёрлася, бы кацяня, аб яго далонь.
Калі ехалі тралейбусам назад, у цэнтр, адбылася наступная сцэна. Віцы ўдалося сесці, Крушынскі стаяў побач. Раптам нейкая дзяўчына паднялася з суседняга месца:
— Сядайце, калі ласка, — ветліва прапанавала Крушынскаму.
Яго гэты эпізод толькі ўзрадваў. З палёгкаю плюхнуўся ён на праціснутае, пашарпанае сядзенне. Азірнуўся на Віку. Дзяўчынка, нахмурыўшы лоб, нервова пакусвала губы.
— Віка! Чуеш? Што з табою?
— Колькі разоў прасіла… Згалі ты гэтую бараду! Як я яе цярпець не магу!
Раздзел XXIII
Незнаёмец. — Дыялог у краме. — Вандроўка па Вялікай Паляне і ваколіцах. — Цім бяжыць у леснічоўку. — Пуста! — Запіска. — Куды падзець Барса?
Пакуль Крушынскі з Вікаю ўладжвалі свае справы ў Гомелі, у Вялікай Паляне таксама сеё-тое адбылося.
Роўна ў дванаццаць гадзін дня з рэйсавага аўтобуса выйшаў невысокі поўненькі мужчынка. Быў ён у скураным паліто, у капелюшы; з-пад паліта выглядвалі беленькая кашуля і гальштук.
Мужчынка выйшаў на прыпынку і з цікавасцю пачаў азірацца. Па ўсім відаць было, што тут, у сяле, ён упершыню. Тры вуліцы збягаліся да прыпынку. Мужчынка выцягнуў з кішэні нататнік з алоўкам і пазначыў план гэтых вуліц. Побач з прыпынкам бялела цэглаю вясковая крама. Нядоўга думаючы, мужчынка пакіраваўся туды.
У краме, нечакана вялікай, як для сяла, на два аддзелы, было пуста. За касавым апаратам прадаўшчыца чытала газету. Яе напарніца, абапёршыся локцямі на прылавак, піла каву і лена пазірала на адзінага наведніка.
Мужчына выбраў тую, што з газетай. Падыйшоў, павітаўся — і адразу:
— Скажыце, можна ў вашым сяле купіць дом? Ці хоць бы хату?
Валікава маці, а гэта была менавіта яна, адклала газету і адказала:
— Не. Усё параскуплялі, нават самыя развалюхі.
— І што гэта вы так нашую Вялікую Паляну ўсё палюбілі? — умяшалася напарніца. — Тут жа ні вады, ні рэчкі, адзін лес кругом.
— А хто яшчэ палюбіў? — адразу ж павярнуўся да яе цікаўны незнаёмец.
— Ды многія! Палова сяла лічы што прыезжыя.
— Адзін нават леснічоўку купіў, — сказала Валікава маці. —Так і жыве сам, у глухамані.
— Праўда? У лесе жыве адзін? Не можа быць! Жанчыны пакрыўдзіліся.
— Схадзіце ды паглядзіце, — прапанавала напарніца. — Ён толькі сюды, у краму, і заходзіць раз на тыдзень. Таму мы і ведаем яго лепш, чым хто.
— Ды я веру, веру вам! Проста дзіўна ўсё гэта.
— А вы ж можаце купіць участак зямлі, — сказала Валікава маці, — раз вам так тут падабаецца. Будуйцеся ды жывіце.
— А можна? — ізноў у руках мужчыны з'явіўся нататнік з алоўкам. — І дзе б вы мне параілі?
— Пад самым лесам. Там усе будуюцца.
А напарніцу нататнік чамусьці насцярожыў:
— Вы часам не журналіст? Ці, можа, з якою праверкаю да нас?
— Ды не, — засмяяўся мужчынка — Я такі ж служачы, як і вы! На прыроду пацягнула, дачу купіць захацелася. Сабраў вось крыху грошай, напазычаўся. Адзін знаёмы і падказаў мне вашае сяло.
На развітанне мужчына сказаў, што збіраецца пахадзіць па сяле, па ваколіцах — можа, і выбера месца для дачы.
— А ў вас ёсць машына? — гукнула яму ўслед Валікава маці. — Тут без машыны цяжка!
— Пакуль што няма — але будзе! Проста павінна быць, — неяк загадкава паабяцаў мужчынка.
Сяло, як на тое, выглядала пустынным. Ніводны чалавек не трапіўся мужчыну на вочы. А яму толькі таго і трэба было. За ваколіцай, дзе канчаліся хаты, ён збочыў з дарогі, нагнуўшыся. зачэрпнуў снегу. Снег быў рыхлы, мяккі. Мужчына заўсміхаўся. Яго ўзрадвала гэта. Значыць, хутка адліга! Трэба адліга! І тады яны з цесцем здзейсняць задуманае. Тады купіцца і машына, і ўчастак, і дача, і шмат, шмат чаго іншага. Толькі не ў Вялікай Паляне, шаноўныя! У Іспаніі, у Партугаліі, на Канарах!..
Агляд сяла заняў менш гадзіны. Неўзабаве у нататніку быў выкрэслены падрабязны план геаграфічнага размяшчэння Вялікай Паляны і ваколіцаў. Пазначаны быў таксама лес, поле, вуліцы, крайнія хаты. Цяпер заставалася самае галоўнае: наведацца на могілкі.
Перад тым, як зайсці ў расчыненыя варотцы, мужчына зноў паазіраўся. І зноў задаволенасць з'явілася на яго твары. Могілкі былі на водшыбе. Далекавата і ад сяла, і ад дачнага пасёлка. Вельмі добра!
Помнік загінуўшаму «афганцу» і шукаць не трэба было, ён сам кідаўся ў вочы. Мужчына абышоў яго вакол. Затым прысеў, прасунуў руку паміж прэнтамі агароджы і разгроб снег. Паказалася бетонная бардзюрынка, адна з чатырох, што складалі надмагільны прамакутнік. Мужчына пакратаў яе, яна лёгка паддалася.
— І гэта добра! — уголас сказаў сам сабе мужчына.
Цяпер ён ведаў усё. Больш тут не было рабіць. Мужчына паглядзеў на гадзіннік і заспяшаўся назад, у сяло, каб паспець на аўтобус да Мінска.
Паспеў. Заскочыў у аўтобус. І знік чалавек, як і не было яго. Калі прыязджаў, дык хоць бы прадаўшчыцы яго бачылі, а як ад'язджаў — ніхто.
Ніхто, ды толькі не Цім! Хоць і астудзіў яго пыл падчас апошняй сустрэчы Крушынскі, аднак у хлопчыка за правіла ўвайшло цікавіцца кожным незнаёмцам, які прыязджае ў сяло. Не прамінуў яго ўвагі і мужчынка ў капелюшы. Цім бачыў, як ён выходзіў з крамы, запіхваючы ў кішэню паліто нататнік.
Мужчынка з крамы, а Цім — у краму.
— Хто гэта быў, цётка Галя? — спытаўся ў Валікавай маці нібы проста так, між іншым.
— Ды нейкі — хату, кажа, хачу купіць, ці ўчастак пад дачу.
Ёкнула ў Ціма сэрца. Застукала ў скронях. А што, калі гэта. Васіль?! Няўжо пашэнціла нарэшце?! Матацыкл будзе. Новенькі «Мінск», пажадана зялёнага колеру. Як бы ён песціў яго, гладзіў па сядзенні, мыў бы кожны дзень. А як прыемна вуркоча матацыклетны матор, а як соладка пахне бензінавы дым!
Абы спраўдзілася! Трэба толькі пераканацца, што гэта Васіль, а ніхто іншы. Каб быць упэўненым на ўсе сто. А зрабіць гэта прасцей простага: калі чалавек заходзіў на могілкі — значыць. Можна лічыць, матацыкл ужо стаіць у двары.
Ці м асцярожна пашыбаваў да могілак. Вось яны, сляды! І вось яны, тыя ж самыя, каля помніка «афганцу»! І больш каля нічыйго! Цяпер у Ціма не магло быць ніякага сумнення. Гэта Васіль. І трэба хутчэй паведаміць Крушынскаму. Не забягаючы нават да Валіка, каб не губляць дарма часу, Цім кінуўся да леснічоўкі. Так хутка ён не бегаў нават на ўроках фізкультуры.
Пуста! Нікога! Замок на дзвярах хаткі. Ах, як крыўдна! Куды яны маглі падзецца ў такі момант?!
Аднекуль выскачыў Барс. Кінуўся Ціму на грудзі, заскавытаў жаласна, просячы хоць што. Вочы ў сабакі свяціліся галодным бляскам.
— Няма нічога! Я не ведаў, што ты тут сам, без гаспадароў! Ну, хадзем, хадзем. Пажывеш у мяне, пакуль яны не вернуцца.
А калі яны вернуцца? Гэтага Барс табе не скажа. Можа, сёння да вечара вернуцца. А можа, заўтра? А можа, праз тыдзень? Дык за гэты час Васіль сто разоў паспее забраць шкатулку — і шукай тады ветру ў полі!
Дома Цім схапіў ліст паперы. Напісаў: «Васіль тут!!! Быў на могілках!!!» — уляпіўшы для пераканаўчасці аж шэсць клічнікаў. Які ні быў стомлены, а нават адпачыць не прысеў. Адрэзаў скібу хлеба Барсу — і зноў у леснічоўку. Запіску, скручаную ў трубачку, запхнуў у шчыліну замка. Толькі тады трохі яму спакайней стала. Запіску немагчыма будзе не заўважыць.