Афганская шкатулка - Федоренко Андрей. Страница 31

Помнік стаяў роўненька, нібы ніхто яго і не трывожыў. Цяпер можна было раскапваць магілу, не баючыся, што ён зваліцца на галаву. І, калі рабіць усё з толкам, абачліва, не спяшаючыся. Выкапаць, забраць з труны каштоўнасці, акуратна засыпаць магілу, вярнуць на месца бардзюрынкі, награбсці зверху як мага больш бруднага снегу, прайсціся вакол магілы з венічкам, знішчыўшы хоць збольшага сляды. Калі зрабіць усё гэта, то нават ўдзень, за пяць крокаў ніхто нічога не заўважыць! Магіла як была, так і ёсць, помнік як стаяў на ёй, так і стаіць. Ды хто тут дужа прыглядаца будзе? Хто зімою на могілкі ходзіць? Хіба што на Радаўніцу, дык да таго часу, пасля зімы, усе магілкі аднолькавымі паробяцца!

Вось як было задумана авантурыстамі.

А на крайні выпадак — калі ўсё ж убачаць, што з магілаю няладна, дык на тое існуе барадач. З ягонай, зямлёй запэцканай, рыдлёўкаю.

Так што амаль ніякай рызыкі. Адно працуй!

Капалі на змену. Абодва, каб не пакінуць адбітку пальцаў на дзержаку рыдлёўкі, былі ў рукавіцах; ці, лепш сказаць, доктар — у пальчатках, а зяць — у звычайных будаўнічых «спяцоўках».

З непрывычкі доктар вельмі хутка стаміўся. Па спіне ў яго цёк пот, ногі трэсліся, далоні смылелі. З цяжкасцю адбыўшы сваю — пяціхвілінную — чаргу, ён скідваў пальчаткі і дзьмухаў на рукі; вадзяныя мазалі набрыньвалі нават пад пальчаткамі.

Зяць шчыраваў адзін. З шоргатам уядалася ў цвёрдую зямлю рыдлёўка. Яма рабілася ўсё глыбейшаю. Доктар адыйшоў да нейчай майгілы і абапёрся спінаю аб агароджу. Вакол былі сілуэты крыжоў і помнікаў. Чорныя дрэвы, як прывіды, цягнуліся сваімі сухімі скручанымі рукамі-галінамі да доктара, нібы сабраўшыся ашчаперыць яго. Яму стала вусцішна. Чаго яны тут, на могілках?! Што яны тут робяць?!

У гэты момант доктар выразна пачуў, як рыдлёўка стукнула аб штосьці. І адразу ж глыбіні ямы, як з калодзежа, пачуўся глухі зяцеў голас:

— Гатова!

Доктар падбег да ямы. Аднак нават зазірнуць туды не адважыўся. Спытаў зводдаля:

— Што там? Цынкавая труна?

— Ды якая цынкавая, — будзённа адказаў зяць, — усё даўно рассыпалася ўжо, і цынк, і тое, што ў цынку… Давайце, спускайцеся! — загадаў дзелавіта.

У доктара раптам пачалі стукаць зубы. Ці то ён паспеў схапіць прастуду, пастаяўшы, разгарачаны, каля халоднай агароджы, ці яшчэ ад чаго, але зубы так барабанілі, што даводзілася падпіраць рукой сківіцу.

— Іг…гар, я… не магу!

З ямы вытыркнулася зяцева галава.

— Што не магу? Спалохаліся? Вы ж доктар! Кажу вам — тут за пятнаццаць гадоў нічога амаль не засталося! Акрамя шкатулкі, канечне. Ну?

— Не… магу.

— Тады свяціце мне зверху.

— Не… магу! — як заклініла доктара. Зяць плюнуў.

— Чорт з вамі. Падайце мне ліхтарык! І сякерку.

Доктар падаў — а сам хутчэй уцякаць, да свае агароджы. Стаяў, калаціўся і нават уявіць не мог, што ж там, у яме, цяпер робіцца?..

Доўга не абзываўся зяць. Нарэшце ён моўчкі выбраўся наверх. Доктар кінуўся да яго:

— Што?! Што?! Знайшоў?!

У адказ яму ўпёрліся ў нос мокрыя брудныя пальцы, і доктар не так убачыў, як здагадаўся: гэта яму паказваюць дулю.

— Вось што я там знайшоў! Бачылі?! — зяць знясілена апусціўся проста на халодны жвір каля ямы. — Дурань! Пракляты дурань! — ён аж застагнаў, аж у лоб сабе пачаў стукаць. — Так добра жылося. У цяпле, у дабрэ. Не — захацелася большага! Паверыў, як дзіця неразумнае, як школьнік — нейкім магнітафонам, нейкім касетам. Дурню старому, гэтаму вось!..

— А ты добра глядзеў? — нясмела папытаўся доктар.

— Лезьце ды праверце!

Зяць быў злы, проста кіпеў увесь. Доктар пачуваўся, як пабіты сабака. Калі б хоць бы на гэтым усё скончылася! Калі б можна было б зараз сабрацца ды спакойна сысці адсюль! Дудкі. Трэба прыбраць усё. Нагадзілі, нашкодзілі, дык трэба ж, як ліса хвастом, сляды за сабою замесці.

Валэндаліся да паўночы. Але зрабілі больш-менш добра. Закідалі, старанна падраўнялі магілу, абклалі бардзюрынкамі; доктар рукамі зграбаў з-пад дрэваў, дзе яго было больш, снег і насіў сюды, прысыпаючы ім свежую зямлю. Потым выхапіў у зяця венік і доўга, стараннасцю жадаючы загладзіць віну, шкрэбаў ім на магіле — раўняў снег, і вакол магілы, і паўсюль, дзе яны маглі ступаць.

Зяць пасвяціў ліхтарыкам. Прыдзірліва ўсё агледзеў. Застаўся задаволены.

— А ведаеце, нічога. Амаль як такі было, — крыху адпусціла яго.

Што да старога цесця, той ледзьве трымаўся на нагах. А яшчэ ж не ўсё! Яшчэ ж аднесці ў хатку рыдлёўку. Яшчэ ж да шашы дапасці. У лесе сядзець, мёрзнуць да раніцы. Потым зноў ісці, ісці! — бо не будзеш жа спыняць аўтобус ці якую машыну адразу каля саменькага ўказальніка «Вялікая Паляна»!

Што да зяця Ігара, дык у таго клопатаў было яшчэ больш. Таму мала было дабрацца ў Мінск — трэба было яшчэ недзе купіць свежай рыбы. Рыбаком ён лічыўся умелым, удачлівым і ніхто яму, канечне, не паверыць, калі пасля начоўкі вернецца дамоў з пустымі рукамі.

Змраныя, брудныя, ледзь цягнучы ногі, пабрылі да леснічоўкі. Доктар раптам адчуў, што яго мерзне правая рука. Няма пальчаткі! Праверыў па кішэнях — няма.

Канечне, зяцю аб гэтай прапажы ён нічога не сказаў, не пасмеў нават заікнуцца.

Раздзел XXVI

Пільнасць Цімавага бацькі-лесніка. — Крушынскі з Вікаю вяртаюцца з горада. — Цімава запіска. — Вечар. — За леснічоўкаю зноў сочаць. — Раніца. — Апошняя блытаніна з «Васілём». — Пацалунак. — З'яўленне хлопчыкаў з трывожнымі навінамі. — Арышт Крушынскага.

Гэта толькі незадачлівым шукальнікам скарбаў, доктару Пратасевічу з зяцем Ігарам, якія ніколі не жылі ў вёсцы і абсалютна не мелі паняцця пра псіхалогію вяскоўцаў, здавалася, што ўсё будзе шыта-крыта, ніхто нічога не заўважыць.

Ужо на другія суткі зямля на магіле прасела. На трэція суткі Цімаў бацька, ідучы паўз могілкі ў лес на абход, раптам спыніўся і аж рот разявіў ад здзіўлення. Яго любімы помнік салдату «афганцу» быў пахілены! Завярнуў на могілкі, падыйшоў. Божа мой, магілу капалі! Хто?! Навошта?! Калі?! Ціка-а-ава ўсё гэта!..

Для яго, вопытнага лесніка, ніякай цяжкасці не склала прасачыць, куды вядуць сляды. Вось яны — на пагорачку зямлі. А вось яны — у мокрым снезе, які, дарэчы, пачынаў падшэрхваць, а гэта значыць, сляды, нібы ў гіпс закутыя, надоўга захаваюцца. А вось галінка зламаная.

Ляснік ішоў проста па слядах і ўжо нават не глядзеў пад ногі. Ён не сумняваўся, што сляды вядуць у леснічоўку. І што належаць яны чалавеку, які даўно быў у яго на падазрэнні. Хатка на замку… Цімаў бацька абышоў яе, ізноў натыкнуўся на сляды — яны вялі ў прыбудоўку. Ляснік нырнуў туды, неўзабаве выйшаў з рыдлёўкаю, запэцканай зямлёй і глінай.

— Тэ-э-эк! — працягнуў ляснік.

Было гэта раніцай. А позна ўвечары таго ж дня вярнуліся з Гомеля Крушынскі з Вікаю. Вельмі кепская, гразкая была дарога ад шашы, таму і прыйшлі ў леснічоўку так позна. Сабакі нідзе не было. Крушынскі пачаў піхаць ключ у замок — ключ не

ўлазіў.

— Што такое?.. Паспрабуй, Віка, у цябе пальцы спрытнейшыя.

Дзяўчынка выцягнула са шчыліны мокрую паперчыну. Разгарнула:

— Ды гэта ж запіска!

Нават у цемры сваімі маладым вострым зрокам змагла разабраць Цімавы «гатычныя» каракулі. Прачытала ўголас:

— «Васіль тут!!! Быў на могілках!!! Цім». Нічога сабе! — усклікнула Віка. — Дык ты не маніў? Праўда ўсё гэта, з Васілём?

— Лухта ўсё гэта, з Васілём, — у тон ёй адказаў Крушынскі, адчыняючы замок. Ён нават не зірнуў на запіску. — Ідзі, Віка, мыйся — і лягай спаць. Позна

ўжо.

— Дык а хто тады прыязджаў?

— Не ведаю, — адмахнуўся Крушынскі. У яго не было ніякага жадання гаварыць на гэтую тэму.

Ды і Віка: як толькі ўлеглася ў любімы тапчан, як толькі дакранулася галавою да падушкі — так і заснула мёртвым сном. А Крушынскі доўга яшчэ корпаўся, тупаў па хатцы. Запаліў грубку, грэў ваду, бразкаў нейкімі слоікамі. Яму здавалася, што ўжо вельмі позна.

Але чалавеку — не падлеткам Ціму з Валікам, — а даросламу чалавеку, які стаяў зараз пад хвояю за дзесяць метраў ад леснічоўкі, так не здавалася. Чалавек убачыў святло ў вакне, удыхнуў гаркаваты дым з коміна. «Тэ-э-эк, — сам сабе прамовіў, — ну вось і добра!» І знік.